100-годдзе БНР прыпадае на Вербніцу ў католікаў - у касцёлах краіны памоляцца за Беларусь
- Written by Katolik.life
- Published in Царква
- Add new comment
Вернікі змогуць прыняць удзел у гуляннях, паколькі яны пройдуць у нядзелю - пост у гэты дзень адмяняецца.
Шырокая грамадскасць Беларусі рыхтуецца да святкавання 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці першай беларускай дзяржавы - Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта адбылося 25 сакавіка 1918 года. У Мінску, Гродне, Брэсце з гэтай нагоды 25 сакавіка адбудуцца святочныя канцэрты, таксама вырашаецца пытанне аб праграме святкавання ў Гомелі.
Юбілей БНР будзе адзначацца падчас Вялікага посту, які цяпер перажываюць католікі і праваслаўныя. Але, па шчаслівым супадзенні, 25 сакавіка прыпадае на нядзелю - дзень, калі пост адмяняецца, бо кожную нядзелю вернікі ўзгадваюць уваскрасенне Езуса Хрыста.
Нагадаем, у гэты дзень кожны католік абавязаны прысутнічаць на святой Імшы, а потым можа прыняць удзел у гуляннях.
У катэдральных касцёлах Мінска і Магілёва 25 сакавіка будуць цэлебравацца св. Імшы за Беларусь, у астатніх парафіях краіны адбудуцца адмысловыя малітвы.
- Утварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі - першы крок да сённяшняй незалежнасці. Касцёл не можа застацца ў баку, нягледзячы на тое, што 25 сакавіка сёлета будзе вельмі важным днём у Вялікім посце - гэта Пальмавая нядзеля. Касцёл сваёй малітваю, сваёй прысутнасцю асвячае нашу зямлю, таму біскупамі было прынята рашэнне аб стварэнні адмысловай малітвы, якая будзе прапанаваная святарам для таго, каб у гэты дзень памаліцца за нашу Бацькаўшчыну, наш народ, каб добры Бог дабраслаўляў і напаўняў нашу штодзённасць сваёй прысутнасцю, - адзначыў выконваючы абавязкі прэс-сакратара Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі кс. Юрый Санько ў інтэрв'ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.
Канчаткова яшчэ не вырашана, як будзе выглядаць малітва - як адзін з заклікаў Малітвы вернікаў, або асобная малітва перад благаслаўленнем.
- Пакуль гэта ў распрацоўцы. Думаю, кожны святар сам будзе прымаць рашэнне ў сваёй парафіі, як будзе выглядаць малітва за Беларусь, бо ў адным касцёле, напрыклад, у Чырвоным, дзевяць імшаў у нядзелю, у якімсьці парафіяльным касцёле на вёсачцы - адна імша. Святар абавязаны адпраўляць у гэты дзень імшу за парафію. У бліжэйшы час будзе ўсё будзе вядома, - зазначыў афіцыйны прадстаўнік Касцёла.
Сярод тых, хто стаяў ля вытокаў беларускай незалежнасці - многія каталіцкія святары і свецкія вернікі. Напрыклад, Вінцэнт Гадлеўскі - святар, грамадзкі дзеяч, публіцыст. Ён адзін з першых пачаў служыць у касцёле па-беларуску. Пасля абвяшчэньня БНР уваходзіў у склад яе Рады. Падчас нямецкай акупацыі быў арыштаваны паліцыяй у Мінску і закатаваны ў Трасцянцы.
Нагадаем, што ў Літве ў гонар 100-годдзя дзяржаўнасці мясцовым католікам біскупы дазволілі не пасціцца ў першую пятніцу Вялікага посту.
Related items
- Беларусы даказваюць у судах «польскія карані» – з дапамогай веры
- На «гучныя» службы ў касцёле паскардзіўся жыхар Смаргоні. Што яму адказалі?
- У Ізраілі католікі з Беларусі спакойна перажылі атаку Ірана, але «вайна дастала»
- Папа Рымскі прыняў у Ватыкане шамана – той папрасіў аб дапамозе
- Паранены святар, пасадка бульбы: як жывуць пры абстрэлах вернікі Харкава і рэгіёну