25 сакавіка на святых Імшах у касцёлах памоляцца за Беларусь
- Written by Katolik.life
- Published in Царква
- Add new comment
Каталіцкія біскупы Беларусі накіравалі малітву да 100-годдзя БНР.
Каталіцкія біскупы Беларусі ўзгаднілі тэкст малітвы за Беларусь, якая прагучыць у касцёлах 25 сакавіка, калі католікі адзначаць Пальмавую (Вербную) нядзелю. У гэты ж дзень шырокая грамадскасць краіны адзначыць 100-годдзе абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі - першай беларускай дзяржавы, якая была створана ў 1918 годзе.
У гомельскай рымска-каталіцкай парафіі малітва за Беларусь прагучыць на ўсіх святых Імшах - у 9.00, 12.00 і 17.00. Далучыцца да малітвы біскупы запрашаюць усіх людзей добрай волі.
Тэкст малітвы апублікаваны на сайце Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі. Гэтай малітвай біскупы заклікаюць святароў памаліцца разам з вернікамі падчас усіх святых Імшаў 25 сакавіка.
«Вядзі мяне ў праўдзе Тваёй і навучы, бо Ты Бог збаўлення майго, на Цябе спадзяюся кожны дзень» (Пс 25(24), 5)
Глыбокапаважаныя браты і сёстры, суайчыннікі, усе людзі добрай волі!
Сёння, калі наша Бацькаўшчына адзначае сотыя ўгодкі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, гэтыя словы псальміста просяцца на нашыя вусны. Яны заклікаюць да бязмежнага даверу Богу — адзінай нашай надзеі.
Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі стала беспрэцэдэнтным гістарычным актам і вельмі важным крокам дзяржаватворчага працэсу, адкрыўшы шлях да незалежнасці.
Мінулае стагоддзе — гэта час шматлікіх выпрабаванняў, войнаў, пераследу веры. Гэта таксама час адраджэння нашай дзяржаўнасці і духоўнасці.
Складаная і трагічная гісторыя Беларусі за апошняе стагоддзе была пазначана шматлікімі сведчаннямі і мучаніцтвам за веру, увабрала ў сябе лёсы тых, хто нястомна працаваў і надалей працуе на карысць Радзімы, іх славу, мужнасць, ахвярнасць і дасягненні.
Увесь гэты час Ты, Божа, быў з намі і праз заступніцтва Марыі, Апякункі Беларусі, Ты нам дапамагаў. У гады ліхалецця суцяшаў нашыя сэрцы і запальваў агеньчык надзеі на лепшае заўтра. Сёння, у часы крызісу духоўных каштоўнасцяў, Ты праз свой Касцёл умацоўваеш нашу веру, даеш новую надзею на будучыню і запальваеш у сэрцах любоў.
Мы дзякуем Табе, Божа, і просім аб дары мудрасці для кіраўнікоў нашай дзяржавы, аб разважлівасці і ўзаемаразуменні паміж рознымі палітычнымі і грамадскімі супольнасцямі, а таксама аб велікадушнасці для ўсіх грамадзянаў нашай краіны, каб панавалі ў ёй супакой, справядлівасць, узаемная любоў і згода.
Усемагутны і Міласэрны Божа, адары нас сваёю ласкаю і благаслаўленнем, каб супольнымі намаганнямі пад апекаю Марыі мы ўсе разам будавалі шчаслівае заўтра нашай любай Бацькаўшчыны.
Божа, благаславі Беларусь! Просім праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Related items
- З паходнямі і ў касцюмах: вуліцамі гарадоў Беларусі правялі Крыжовы шлях
- Месяцовае і сонечнае гало назіралі беларусы ў Вялікі тыдзень
- Аксана, Сяргей, Паліна, Павел... За тых, хто не сустрэне Вялікдзень дома, моляцца ў Вялікі чацвер
- Дзе глядзець відэа-онлайн на Вялікдзень-2024 – падборка прамых трансляцый з касцёлаў
- Абяцаныя працы не пачаліся. Паўтара гады, як зачынены Чырвоны касцёл у Мінску