Logo
Print this page

Першы ў Беларусі дом для маці з цяжкімі абставінамі адкрылі ў Гродне

Дзверы 8 жанчынам з дзецьмі адкрылі сестры каталіцкага ордэна.

17 мая ў Гродне адкрыўся першы ў Беларусі дом для маці, якія апынуліся ў цяжкіх жыццёвых абставінах, пад назвай “Дом для мамы – Назарэт”. Заснавалі яго сёстры Кангрэгацыі Святой Сям’і з Назарэта.

dom maci 23

Сёстры прыстасавалі пад дом будынак свайго старога кляштара, у якім быў зроблены грунтоўны рамонт і які быў адпаведна абсталяваны. У доме ёсць жылыя пакоі, кухня, пральня, кабінет псіхолага і інш.

dom maci 37

Гэтая новая ініцыятыва Каталіцкага Касцёла на Гродзеншчыне скіравана перш за ўсё на карысць самотных маці з дзецьмі і цяжарных жанчын, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Ахвяраваная ім дапамога ўключае, акрамя пражывання ў гэтым доме, таксама псіхалагічную дапамогу і духоўную апеку.

Мэта заснавання “Дома для мамы – Назарэт” – дапамога жанчынам, якія не могуць справіцца з асабістымі праблемамі, а таксама прапагандаванне абароны зачатага жыцця праз псіхалагічную дапамогу, апеку над маці да і пасля нараджэння дзіцяці.

dom maci 24

У гэтым доме сёстры назарэтанкі могуць прыняць на акрэслены час да 8 маці з дзіцём адначасова.

Урачыстае адкрыццё і благаслаўленне “Дома для мамы – Назарэт” здзейсніў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, перад гэтым узначаліўшы святую Імшу ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі. Падчас Эўхарыстыі іерарх маліўся ў інтэнцыі ўсіх, хто паклаў пачатак гэтай добрай справе, за ахвярадаўцаў і будучых жыхароў дома.

dom maci 10

На ўрачыстай падзеі прысутнічалі духоўныя асобы, прадстаўнікі ўлады, сябры і знаёмыя сясцёр назарэтанак і іншыя. Усе яны мелі магчымасць наведаць гэты прыгожы будынак, спецыяльна прыстасаваны для жанчын з маленькімі дзецьмі.

Прыгожа падабраныя колеры сцен, сучасная мэбля, элегантны дэкор памяшканняў – усё зроблена так, каб будучыя насельнікі гэтага дома, якія змогуць у ім затрымацца на нейкі час, добра тут сябе адчувалі. А самае важнае – каб знайшлі тут для сябе бяспеку і супакой, а таксама ведалі, што яны патрэбныя.

dom maci 34

Сёстры назарэтанкі, якія ўзяліся за гэтае адказнае заданне, маюць надзею, што дом стане прытулкам для многіх жанчын. Служачы жанчынам, якія апынуліся ў патрэбе, манахіні хочуць рэалізаваць харызмат сваёй супольнасці, а таксама паказваць іншым укрыты твар Бога і абвяшчаць свету Валадарства Божай любові.

Grodnensis.by

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.