Logo
Print this page

Кожны дзень аўтастопам да храма. Як 72-гадовая пані Марыся дзеліцца хлебам

+ 5 цытат ад незвычайна добрай, чулай, мудрай, прыгожай душой бабулі.

Пра гэтую цудоўную парафіянку каталіцкага храма ў пасёлку Новы Двор Шчучынскага раёна Katolik.life даведаўся ад вядомага ў Беларусі «брата Луіджы» - заснавальніка прытулку для бяздомных. 72-гадовая пані Марыся - бабуля, якая жыве адна ў глухой вёсачцы. Але і ў такім шаноўным узросце яна не сядзіць на канапе, печы, агародзе і іншых звыклых для пенсіянераў тэрыторыях.

- Кожны дзень пані Марыся галасуе на трасе, каб дабрацца ў касцёл на святую Імшу. Да пасёлка - сем кіламетраў, а аўтобусаў няма. На папутках пераадольвае бабуля і больш сур'ёзныя адлегласці - 50, 100 кіламетраў для яе не праблема. Яна імкнецца ўдзельнічаць у кожным парафіяльным фэсце ў акрузе. Машына, другая - і пані Марыся даязджае ў розныя касцёлы, каб патрапіць на святочную службу, - кажа Луіджы.

Прычым, бабуля не прыязджае з пустымі рукамі. У сваёй печы яга гатуе хатні хлеб, якім частуе святароў і бедных у мясцовым прытулку.

І ў сваю парафію пані Марыся прыязджае кожную нядзелю з хлебам, каб падзяліцца з пробашчам.

- Яе называюць бабуляй міласэрнасці. Яна з дзяцінства верніца - у храм яе вадзілі бацькі. Перажыла вайну, савецкі час, калі зачынялі касцёлы і ламалі крыжы, але веру не пакідала. Распавядала, як мама ёй казала: захоўвай веру і трымай у руках ружанец, тады Марыя заўсёды будзе весці цябе да Хрыста добрай дарогай. Таму заўсёды моліцца на Ружанцы. Пані Марыся вельмі любіць і шануе людзей, у кожным чалавеку вучыць бачыць Езуса, - дадаў заснавальнік прытулку.

У гасцях у незвычайнай бабулі нядаўна пабывала мінчанка Наталля, яна пацвердзіла - слава пра хлеб пані Марысі ходзіць па ўсім раёне! Таксама Наталля сабрала 5 цытат ад незвычайна добрай, чулай, мудрай, прыгожай душой бабулі:

- Кожны дзень пачынай і сканчай малітвай, вучы гэтаму дзяцей

- Не бывае кепскіх людзей, мы ўсе анёлы, якія ад Бога прыйшлі на зямлю

- Дзяўчынкі - гэта кветачкі, а хлопчыкі - каб паліваць кветкі, каб яны расквіталі

- Хадзіце ў касцёл на імшу, на вас будуць глядзець суседзі і таксама будуць за Богам ісці, а вы будзеце падглядаць за іншымі вернікамі, вучыцца жыццю ў іх

- Чалавек, які за Бога не трымаецца, як дрэўца, якое не падвязалі

Last modified onПятніца, 21 Верасень 2018 22:41
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.