Logo
Print this page

У Беларусі знялі дакументальны фільм «Касцёл на крыжы» - хутка прэм'ера

Стужка - пра лёсы святароў і храмаў у перыяд ганенняў: «Калі продкі маглі быць такімі моцнымі - можам і мы».

У Беларусі завяршаецца праца над выпускам дакументальнага фільму «Касцёл на крыжы». Дакументальная стужка, якую зняў тэлеканала «Белсат», складаецца з дзвюх серый і распавядае пра людзей у перыяд камуністычных ганенняў на Каталіцкую царкву ў Беларусі. Першая серыя фільму распавядае пра лёсы святароў, а другая - пра трагічную гісторыю святыняў. Агулам фільм складаецца з дзевяці гісторый, распавяла Katolik.life рэжысёр Кася Растоцкая.

Здымкі праходзілі на тэрыторыі Гарадзенскай і Мінскай абласцей, бо гэтыя тэрыторыі адносіліся да Заходняй Беларусі - касцёлы там дзейнічалі да 1939 году і таму захаваліся жывыя сведкі, якія памятаюць, як адбываліся рэпрэсіі, і як людзі баранілі свае касцёлы.

- Кіно перш за ўсё пра людзей - пра іх асабісты боль. І пра іх асабістую сілу. Вельмі хацелася сказаць перш за ўсё беларусам: паглядзіце, якімі моцнымі мы можам быць. Калі нашыя продкі маглі быць такімі моцнымі, такімі нязломнымі - дык і мы можам, - падкрэслівае рэжысёр. - Праз фільм мы паказваем перш за ўсё пра тое, дзе ў чалавеку знаходзіцца тая мяжа, за якой звычайны чалавек робіцца героем. І высветлілася, што звычайныя людзі голымі рукамі баранілі свае святыні, калі бальшавікі спрабавалі іх забраць. Яны клаліся пад трактары, яны закрывалі сабой дзверы касцёлаў і ставілі катам умовы: «Застрэліце - тады ўвойдзеце». Яны шмат гадоў хавалі ад рэпрэсій ксяндзоў.

Увогуле, рабіліся неверагодныя рэчы - калі звычайны чалавек, баронячы касцёл, паўставаў супраць савецкай сістэмы. І гэтая магутная сістэма нічога не магла з гэтым зрабіць.

Стужку здымалі малой групай - два аператары, гукааператар, рэжысёр і адзін актор. «У нейкі момант я увогуле адчула, што фільм пачаў здымацца сам і цягне ўжо мяне за сабой - вырашыла, што хай так і будзе», - прызнаецца спадарыня Кася. Прэм'ера стужкі «Касцёл на крыжы» запланавана на 4 лістапада на тэлеканале «Белсат».

ЦЫТАТНІК ФІЛЬМА

- Гаварылі, што прыехаў чалавек да сповядзі. А хазяйка, каторая там была, кажа не ехаць уночы. Гэта было позна ўночы. Ну, кажа, я не магу – вдруг чалавек умрэ? Кажа, я ж буду тады атвячаць. І не паслухаў хазяйкі - паехаў. Калі прыехаў у Расальшчыну, яны завялі яго - у нейкую камору закрылі. І там быў хлопчык. Сын гэтага хазяіна. Усё гэта чуў. Ён прасіўся, казаў, што выпусціце мяне, я вам грошай дам. Но ніхто яго не выпусціў. Яго сільно мэнчылі. Вочы, казалі, выкалывалі. На смерць замучылі. А гэта дзіця на раніцу пайшоў пасвіць каровы і расказаў людзям, што ксяндза замучылі ў іхнай каморцы. Ну, тады я ўжо не знаю, як яго хавалі.

- Дзядзька ездзіў забіраць брата, расказваў такое: што як прыехаў забіраць, там быў такі падвал, было такое - цэлы падвал набіто людзей. Свайго брата шукаў у тым падвале. Гаварыў - во па стока, па костачку, крыві стаяла ў тым падвале. Пака яго найшоў. А найшоў ён па тым, што ў яго, як выязджаў з дому - палаценца было. Жонка даўшы вышыванае. І былі рукі звязаныя тым палаценцам. І вот у тых трупах дзядзька найшоў свайго брата. І прывёз сюды. І нельзя ж было пахаваць яшчэ, паціху хавалі. Толькі ўжо як везлі сюды да касцёла, разрэшыўшы ўжо былі пад касцёлам пахаваць. То ўжо немцы ішлі - толькі шапкі здымалі. Войско наступало. (Размова ідзе пра Ашянскую турму, дзе трымалі “палітычных”. Падчас Другой Сусветнай вайны, калі савецкія войскі адступалі, супрацоўнікі “органаў” знішчылі вязняў).

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.