Logo
Print this page

Як можа выглядаць санктуарый у Бялынічах - праект

Будынак касцёла праектуецца аднапавярховым, з дзвумя вежамі, з адным нефам

Эскізны выгляд магчымай святыні ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бялынічах Магілеўскай вобласці прадставіў адміністратар парафіі кс. Юзаф Сярпейка.

Будынак касцёла праектуецца аднапавярховым, з дзвумя вежамі, з адным нефам, апсідным, дзе непасрэдна за алтарнай часткай мае знаходзіцца закрыстыя. Над трансэптам плануецца размясціць купал. Будынак праектуецца ў выглядзе крыжа. Матэрыялам для будовы будзе выкарыстаны сібірскі кедр. У апсідзе будзе размешчана ікона Маці Божай Бялыніцкай. Ёсць задума пабудаваць таксама два бакавыя алтары. Адзін у гонар св. Юзафа, Абранніка НПМ, а другі ў гонар св. Маргарыты Марыі Алякок - якая распаўсюджвала набажэнствы для ўшанавання Найсвяцейшага Сэрца Езуса.

- Канешне гэта толькі мары і планы, якія рэалізуем і якія адначасова могуць нязначна змяніцца згодна з мудрым рашэннем вышэйшых настаяцеляў, - піша святар на сайце парафіі belynichi.by.

Бялынічы калісьці называлi «беларускай Чэнстаховай». Абраз Мацi Божай, якi знаходзiўся ў тутэйшым касцёле кармэлiтаў, у ХVІІІ–ХІХ стст. збіраў пілігрымаў усiх хрысцiянскiх канфесiй з далёкіх ваколіцаў. У 1876 г. касцёл быў пераасвячоны ў праваслаўны храм, і, як лічыцца, у 1930-я гг., калі царква была зачынена, абраз трапіў у Магiлёўскi абласны краязнаўчы музей і знiк адтуль у час вайны 1941–1945 гг., у Беларусі не захавалася нават яго фотафiксацыi.

Нагадаем, Каталіцкі Касцёл у Беларусі мае намер адбудаваць у Бялынічах санктуарый Маці Божай. Сёння ў горадзе дзейнічае капліца. Штогод з Магілёва сюды скіроўваецца пешая пілігрымка.

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.