Logo
Print this page

Папа - на Вялікі пост: «Пазбавіцца ад закаханасці ў сябе»

Вялікі Пост пачнецца ў Каталіцкай Царкве 6 сакавіка

Папа Рымскі Францішак апублікаваў пасланне на Вялікі пост-2019. Мы часта паводзім сябе дэструктыўна не толькі ў адносінах да сябе, але і да іншых людзей, калі даем авалодаць сабой логіцы "ўсё і адразу", піша Пантыфік.

Папа нагадаў, што разрыў камуніі з Богам парушыў таксама гарманічныя адносіны людзей з навакольным асяроддзем. Чалавек лічыць сябе богам стварэння, поўнаўладным гаспадаром, і карыстаецца ім не так, як хацеў Створца, але ў сваіх уласных інтарэсах, на шкоду іншых істот і людзей.

Грэх прыводзіць да “выкарыстання стварэння, асоб і навакольнага асяроддзя, у адпаведнасці з нерэалізаванай смагай, якая кожнае жаданне лічыць правам, і што рана ці позна прывядзе да разбурэння нават тых, над кім яна дамінуе”, - напісаў Святы Айцец.

Францішак запрасіў да пакаяння і навяртання, посту, малітвы і міласціны. Заахвоціў адмовіцца ад спакусы “пажырання” ўсяго і вучыцца пакутаваць з любові, якая можа запоўніць пустэчу ў чалавечым сэрцы. Ён заклікаў адмовіцца ад ідалапаклонства і самадастатковасці нашага “я”, прызнаць, што мы маем патрэбу ў Богу і Яго міласэрнасці.

Пантыфік патлумачыў, што міласціна – гэта адмова ад назапашвання ўсяго для сябе ў ілюзіі забеспячэння будучыні.

Папа заклікаў вернікаў, у Вялікім посце прынесці Хрыстовую надзею стварэнню, якое “вызвалена будзе з няволі тлення дзеля свабоды хвалы дзяцей Божых” (Рым 8, 21).

“Давайце не дапусцім, каб гэты благаслаўлёны час мінуў дарма! Будзем прасіць Бога, дапамагчы нам стаць на шлях праўдзівага навяртання. Трэба пазбавіцца эгаізму і закаханасці ў сабе і ўглядацца ў Пасху Езуса, наблізіцца да братоў і сясцёр у цяжкай сітуацыі, дзелячыся з імі нашымі духоўнымі і матэрыяльнымі дабротамі. Такім чынам, прымаючы ў спецыфіцы нашага жыцця перамогу Хрыста над грахом і смерцю, мы накіруем Яго пераўтваральную сілу да ўсяго стварэння”, - напісаў Святы Айцец у сваім пасланні на Вялікі пост.

vaticannews.va/be

Last modified onПятніца, 01 Сакавік 2019 14:20
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.