Logo
Print this page

Ва ўсіх касцёлах Брэста моляцца за горад у дзень тысячагоддзя

Юбілей горада з’яўляецца заклікам да мабілізацыі духоўных сілаў, адзначыў біскуп Антоні Дзям’янка

Святочныя мерапрыемствы ладзіць Рымска-каталіцкая царква да 1000-годдзя Брэста. 6 верасня біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка асвяціў касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў мікрараёне Рэчыца абласнога цэнтра і цэлебраваў святую Імшу падзякі за тысячу гадоў апекі Божага Провіду над горадам.

А ў суботу, 7 верасня, ва ўсіх касцёлах Брэста адбудзецца малітва за горад. Цэнтральнае набажэнcтва ў межах святкавання прызначана на 7 верасня а 12-й гадзіне ў галоўным гарадскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа, якое ўзначаліць біскуп Пінскі ў лучнасці з усімі вернікамі, святарамі і гасцямі, сабранымі ў гэтай святыні.

Таксама ва ўсіх іншых касцёлах горада ў гэты момант пад кіраўніцтвам мясцовых пробашчаў з удзелам парафіянаў будзе ўзнесена да Пана спецыяльная малітва падзякі за тысячу гадоў Брэста.

- Тысячагадовы юбілей Брэста для кожнага з нас з’яўляецца заклікам да мабілізацыі духоўных сілаў. Будзем шанаваць сваю веру, будзем шанаваць хрысціянскую спадчыну. Няхай жа Марыя, Маці Божая Брэсцкая, Маці Выратавальніца, вядзе нас у новае тысячагоддзе гісторыі горада. Няхай новыя старонкі гісторыі будуць светлымі і напоўненымі справамі, што славяць Бога, - заклікаў біскуп Антоні і пажадаў Божага благаслаўлення ў здзяйсненні высакародных намераў, моцнага духоўнага і фізічнага здароўя, непахіснай веры і сапраўднай любові.

«Няхай вамі апякуецца Божая Маці і святыя заступнікі беларускай зямлі», - скіраваў свае пажаданні іерарх.

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.