Logo
Print this page

Папа ўстанавіў новае свята - Нядзелю Божага Слова

Адпаведныя абрады будуць падкрэсліваць важнасць абвяшчэння Божага слова

Трэцяя нядзеля Звычайнага перыяду будзе прысвечана цэлебрацыі, рэфлексіі і распаўсюджванню Божага слова. Адмысловае распараджэнне Папы ўтрымліваецца ў новым Апостальскім лісце “Aperut illis”.

Дакумент Францішка ў форме “motu proprio” быў абнародаваны 30 верасня 2019 г. – у 1600-годдзе з дня смерці перакладчыка Святога Пісання на лацінскую мову, св. Гераніма.

Папа падкрэсліў, што ўстанаўленне Нядзелі Божага Слова з’яўляецца адказам на ініцыятыву шматлікіх вернікаў, якія даўно прасілі аб гэтым. Ён нагадаў пра некаторыя важныя крокі, ужо зробленыя для адкрыцця багацця Божага слова: дагматычную канстытуцыю Другога Ватыканскага Сабора “Dei Verbum”, Сінод Біскупаў, прысвечаны “Божаму слову ў жыцці і місіі Касцёла”, які прайшоў у 2009 г., а таксама Апостальскую адгартацыю Бэнэдыкта XVI “Verbum Domini”.

Нядзеля Божага Слова будзе адзначацца ў перыяд, які заахвочвае да ўмацавання сувязі з юдэямі і малітвы аб еднасці хрысціян. “Святое Пісанне ўказвае тым, хто яго слухае, шлях, якім трэба ісці, каб дасягнуць сапраўднай і моцнай еднасці”, - напісаў Пантыфік.

Францішак пажадаў, каб Нядзеля Божага Слова адзначалася ўрачыста. У літургіі можа адбывацца ўрачыстае ўнясенне Святога Пісання, чытанне Божага слова, гаміліі могуць быць прысвечаны каштоўнасці Бібліі. У гэты дзень біскупы могуць прымаць у шэрагі лектараў або даручаць іншае падобнае служэнне, каб падкрэсліць важнасць абвяшчэння Божага слова ў літургіі. Таксама і пробашчы могуць знайсці адпаведную форму, каб уручаць Біблію ці адну з яе кніг усёй парафіяльнай супольнасці, падкрэсліваючы важнасць штодзённага чытання Святога Пісання і малітвы ім, практыкавання “lectio divina”.

vaticannews.va/be

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.