Logo
Print this page

Выйшла кніга калядных вершаў, на якую збіралі грошы ў інтэрнэце

На 40 старонках зборніка «Святы Мікалай, да нас завітай!» змешчаны вершы і малюнкі вядомых аўтараў

Зборнік дзіцячых калядных вершаў «Святы Мікалай, да нас завітай!» выйшаў як раз да дня ўспаміну св. Мікалая, які ў Каталіцкай царкве адзначаецца 6 снежня. На 40 старонках кнігі змешчаны вершы Марыі Чарняўскай, Андруся Такінданга, Аксаны Ючкавіч, Валярыны Куставай, Яўгеніі Чакур, Наталлі Бурдун, малюнкі Амаліі Каральковай, Надзеі Букі, Анастасіі Гурыновіч і Андруся Такінданга.

Агульны наклад: 1000 асобнікаў. Грошы на выданне кнігі збіралі ў інтэрнэце.

6 снежня, у дзень святога Мікалая, першая прэзентацыя зборніка адбылася ў БДУ, у нядзелю 8 снежня прэзентацыя запланавана ў касцёле святога Валянціна ў Смалявічах пасля святой Імшы а 10.00 (дарэчы, раней і касцёл, і праваслаўная царква ў Смалявічах мелі імя ў гонар святога Мікалая), а ў чацвер 12 снежня прывітанне ад святога Мікалая можна атрымаць на прэзентацыі ў касцёле на Залатой Горцы ў Мінску пасля святой Імшы а 18.30.

- Гэтая кніга дапаможа вашым дзеткам і вам самім занурыцца ў чароўную атмасферу Калядных святаў. Праз вершы, у ёй змешчаныя, вы зазірнеце ў яслі, дзе ляжыць Нованароджаны Езус, даведаецеся, што ляжыць у мяху святога Мікалая і пакатаецеся з ім у санях, паскачаце каля ялінкі-красуні. У гэтым вам паспрыяюць каляровыя ілюстрацыі, што суправаджаюць кожны верш, - гаворыць Марыя Чарняўская.

Вершы прызначаны, у першую чаргу, для чытання падчас ранішнікаў у садках, школках, касцёле, царкве. У кнізе можна будзе знайсці творы як з рэлігійнай тэматыкай, так і нейтральныя. Галоўная мэта аўтараў - пашырэнне выкарыстання роднай беларускай мовы, асабліва пры выхаванні дзяцей.

Media

Last modified onПанядзелак, 09 Снежань 2019 13:11
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.