Logo
Print this page

Біскуп Касабуцкі патлумачыў уручэнне даверчых грамат Апостальскім нунцыем

Іерарх пракаментаваў апошнія выказванні пра арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча

Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі пракаментаваў апошнія падзеі, звязаныя з Каталіцкай царквой у Беларусі. Нядаўна біскуп стварыў асабістыя старонкі ў сацсетках і 3 лістапада апублікаваў паведамленне ў Фэйсбуку. У тым ліку іерарх патлумачыў уручэнне даверчых грамат Апостальскім нунцыем Антэ Ёзічам, якое ўсхвалявала многіх вернікаў і прадстаўнікоў грамадскасці. Прыводзім тэкст паведамлення біскупа Юрыя Касабуцкага цалкам.

Паважаныя сябры! Хачу падзяліцца з вамі невялікім разважаннем наконт падзей апошніх дзён. Падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Веніямінам было сказана шмат слоў пра Каталіцкі Касцёл у нашай краіне.

Па-першае, хачу звярнуць увагу на тое, што гэта не толькі і не столькі словы аднаго чалавека, колькі словы, падрыхтаваныя і ўкладзеныя ў яго вусны пэўнымі “ідэолагамі” і “паліттэхнолагамі”, якія рыхтавалі гэту сустрэчу.

Каментаваць штосці пра словы абразы і паклёпу ў адрас паважанага Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча не мае сэнсу, бо на гэту тэму я неаднаразова выказваўся публічна і афіцыйна. Гэты фэйк уяўляе сабой абсалютна нічым не абгрунтаваную хлусню, якая не вытрымала ніякай крытыкі. Гэта палітычная гульня і не больш.

Справа замежных святароў, якія служаць (і вельмі добра гэта робяць, палюбіўшы нашу краіну і наш народ!!!!) у Беларусі, была заўсёды тэмай шантажу і ціску на Касцёл. Нічога дзіўнага, што прагучала ў чарговы раз.

Каталіцкі Касцёл сёння выступае супраць насілля, гвалту, здзекаў і катавання людзей, асаблівым чынам моліцца за палітвязняў, выступае супраць рэпрэсій і пераследу, супраць парушэння правоў чалавека, прыніжэння чалавечай годнасці, супраць звальнення з працы альбо адлічэння з навучальнай установы за погляды, незгодныя з афіцыйнай ідэалогіяй.

Касцёл заклікае да адзінства, салідарнасці, падтрымкі адно аднаго, да быцця адным народам, нацыяй. Касцёл моліцца за тых, хто дае і выконвае злачынныя загады супраць народа… А ўсё гэта ў нашай краіне сёння лічыцца чымсці дрэнным.

Таму трэба было плюнуць у Каталіцкі Касцёл і абліць яго брудам. Запалохаць, анансаваць чарговы крок па пераследу (тэма замежных святароў). У сувязі з гэтым мы і пачулі тое, што пачулі. Хачу заўважыць, што гэтыя “ідэолагі” і “паліттэхнолагі” папрацавалі вельмі слаба, і ім можна з нацяжкай паставіць слабенькую два з мінусам па дзесяцібалнай сістэме. Можа яны хацелі такім чынам дыскрэдытаваць Аляксандра Лукашэнку ў вачах грамадства? Альбо не адпавядаюць займаемым пасадам? … Пытанні былі рытарычныя.

Шмат пытанняў я атрымліваю пра ўручэнне грамат Апостальскім Нунцыем. Калі казаць коратка, то ўсё робіцца згодна з пратаколам дыпламатыі. Беларусь і Ватыкан маюць дыпламатычныя адносіны. Як і кожны пасол краіны, Нунцый уручае граматы таму, хто здзяйсняе рэальную ўладу ў краіне. Такія цырымоніі адбываюцца некалькі разоў на год, па меры неабходнасці. З моманту ўручэння граматы пасол як бы афіцыйна выконвае функцыю прадстаўніка сваёй краіны (у нашым выпадку Папы Рымскага) у дадзенай краіне.

Media

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.