Папа даверыў сітуацыю ва Украіне Панне Марыі
- Written by katolik-gomel.by
- Published in Царква
- Add new comment
Папа Францішак звярнуўся з заклікам аб міры ва Украіне. 4 мая 2014 г., пасля нядзельнай малітвы “Regina Caeli” на плошчы св. Пятра, Пантыфік пажадаў даверыць вырашэнне драматычнага канфлікту ў гэтай краіне заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі.
“Дарагія браты і сёстры, хачу даверыць Маці Божай сітуацыю ва Украіне, дзе не знікае напружанасць. Сітуацыя цяжкая! Малюся разам з вамі за загінуўшых у гэтыя дні, просячы, каб Пан выліў у сэрцы ўсіх пачуцці прымірэння і братэрства”, - сказаў Папа.
Таксама Святы Айцец заклікаў маліцца за ахвяраў апоўзня ў Афганістане, які абрынуўся на вёску Хоба-Барык у горнай правінцыі Бадашхан 2 мая 2014 г. На сённяшні дзень зніклымі без вестак лічацца каля 2 тыс. ахвяраў гэтай трагедыі. Дакладна вядома аб смерці каля 400 жыхароў пасялення. “Божа Усемагутны, які ведаеш імя кожнага з іх, прымі ўсіх у сваім супакоі; дай тым, хто засталіся жывымі сілы жыць далей, пры падтрымцы тых, хто дапамагае паменшыць іх пакуты”, - сказаў Святы Айцец.