Logo
Print this page

Папа да Каталікоса ўсіх армян: кроў сучасных хрысціян – зерне адзінства

8 мая 2014 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі Вярхоўнага Патрыярха і Каталікоса ўсіх армян Гарэгіна ІІ, які знаходзіцца з візітам у Рыме.

Пасля прыватнай сустрэчы Святы Айцец звярнуўся да іерарха з прамовай, у якой адзначыў, што адносіны паміж Армянскай Апостальскай Царквой і Каталіцкім Касцёлам умацаваліся асабліва на працягу апошніх дзесяцігоддзяў. Гэтаму, на думку Пантыфіка, паспрыяў візіт Яна Паўла ІІ у Арменію у 2001 г., а таксама шматлікія візіты армянскага іерарха ў Вечны горад.

“Тут я б хацеў узгадаць пра іншую падзею вялікага значэння, у якой Ваша Святасць прымала ўдзел – успамін мучанікаў за веру ХХ ст., што адбылося ў кантэксце Вялікага Юбілею 2000 г. Сапраўды, шэрагі вучняў, якія пралілі кроў за Хрыста падчас трагічных падзей мінулага стагоддзя, большая за колькасць мучанікаў першых вякоў, і ў гэтым мартыралогу сыны армянскага народа займаюць ганаровае месца”, - сказаў Папа. Святы Айцец адзначыў, што сведчанне армянскіх мучанікаў – трагічнае і высокае – не павінна быць забыта.

Ён падкрэсліў, што іх кроў стала “зернем адзінства”. “Экуменізм пакутаў, экуменізм мучаніцтва, экуменізм крыві – гэта моцны заклік, каб ісці шляхам паяднання паміж Цэрквамі, з рашучасцю і даверлівай адданасцю дзейнасці Святога Духа. Мы адчуваем абавязак прайсці гэтым шляхам братэрства таксама ў якасці ўдзячнасці, якую маем за пакуты нашых шматлікіх братоў, якія сталі збаўчымі дзякуючы лучнасці з мукай Хрыста”, - адзначыў Папа. Францішак падзякаваў Гарэгіну ІІ за яго дзейнасць на карысць развіцця экуменічнага дыялога і заклікаў падтрымліваць адно аднаго малітоўна. Пасля сустрэчы яе ўдзельнікі накіраваліся ў капліцу “Redemptoris Mater”, размешчаную ў Апостальскім палацы, на супольную малітву.

Ватыканскае радыё

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.