Logo
Print this page

Цудоўнае вяртанне: у рэчыцкі касцёл праз 100 год вярнулі каштоўны абраз

Парафіяне шукалі адабраны бальшавікамі абраз, які захоўваўся ў мясцовага жыхара. Напярэдадні ён убачыў сімвалічны сон...

8 верасня, калі Каталіцкі касцёл адзначае Нараджэнне Найсвяцейшай Панны Марыі, у рэчыцкай парафіі адбылася знакавая падзея. У касцёл вярнуўся каштоўны абраз Маці Божай Балеснай, які знаходзіўся тут да 1920-х гадоў, калі яго разам з іншай маёмасцю парафіі адабралі бальшавікі.

Цудоўную гісторыю вяртання абраза распавёў Katolik.life парафіянін Анатоль Шчучко. Менавіта ён прыклаў намаганні да таго, каб знайсці каштоўны абраз. Дарэчы, яму ж абавязана беларуская культура вяртаннем яшчэ аднаго абраза - Святога Юзафа з Дзіцяткам Езусам пэндзля вялікага мастака Яна Дамеля.

- Мы ведалі, што раней у рэчыцкім касцёле знаходзіўся абраз Маці Божай Балеснай – цяпер замест яго вісіць рэпрадукцыя. Абраз разам з іншай касцёльнай маёмасцю адабралі бальшавікі падчас так званай «рэквізіцыі». Але, па чутках, адзін чалавек захаваў яго. Доўгі час знайсці яго не атрымлівалася, але дапамог выпадак. Мясцовы жыхар прыйшоў у касцёл па працы, разгаварыліся з ім, і ён сказаў, што ведае чалавека, які захаваў абраз. Паехалі па адрасе, але аказалася, што той чалавек там ужо не жыве. Аднак суседзі падказалі, дзе яго шукаць - у вёсцы пад Рэчыцай. Накіраваліся туды.

Сустрэў парафіянаў 78-гадовы Іван Васільевіч Рудніцкі. Яго раней добра ведалі ў Рэчыцы, працаваў ён архітэктарам.

- Сустрэў ён нас нечакана - сказаў, ведае, чаму мы прыехалі, і распавёў, што напярэдадні ўбачыў знакавы сон. Спачатку не мог зразумець, да чаго ён, а пасля нашага прыезду адразу ўсвядоміў: трэба вярнуць абраз парафіі, - працягвае Анатоль Шчучко.

Аказалася, што знаёмы Івана Васільевіча быў адным з кіраўнікоў той самай «рэквізіцыі», і неяк прызнаўся яму, што замест таго, каб спаліць, забраў абраз дадому і схаваў за шафай. Захавалася і рама абраза - толькі ў яе ўжо ўклалі партрэт Сталіна. Праз нейкі час той чалавек пагадзіўся прадаць Івану Рудніцкаму абраз з рамай - гэта было ўжо ў 1980-х гадах. З таго часу архітэктар бярог абраз, вазіў яго разам з сабой, куды б не кідала яго праца. Казаў, што Маці Божая на абразе быццам жывая, таму з трапятаннем ставіўся да яго. Тым больш продкі Івана Рудніцкага - католікі.

Дакладных звестак пра абраз няма - ні пра аўтара, ні пра час яго напісання. Але раней мастацтвазнаўцы казалі Івану Васільевічу, што абраз адносіцца да Віленскай школы жывапісу 1850-х гадоў.

- Як казаў вядомы Блез Паскаль, «Выпадак - гэта псеўданім, пад якім Бог дзейнічае ў свеце», - сцвердзіў Анатоль Шчучко. А Маці Божая Балесная вярнулася на сваё месца ў рэчыцкай святыні. Абраз унёс у касцёл сам Іван Рудніцкі.

Media

Last modified onСерада, 08 Верасень 2021 10:34
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.