Logo
Print this page

Каталіцкія біскупы папрасілі Маці Божую дапамагчы будаваць новую шчаслівую Беларусь

Да Найсвяцейшай Панны Марыі звярнуліся па дапамогу ў справе паяднання, пераадолення падзелаў і вызвалення ад нянавісці ў грамадстве

На ўрачыстасцях у Бялынічах, якія завяршыліся 18 верасня, каталіцкія біскупы, святары і прысутныя вернікі даручылі Багародзіцы лёс Беларусі і яе народа перад старадаўнім спісам абраза Маці Божай Бялыніцкай. Гэта копія цудатворнага абраза была зроблена пасля цуду Найсвяцейшай Панны Марыі, які адбыўся падчас вайны - менавіта заступніцтву Маці Божай абаронцы беларускага горада Ляхавічы ад маскоўскіх захопнікаў прыпісалі цуд уратавання ад варожай навалы.

Як паведамляе Сatholic.by, новы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі зачытаў супольную малітву з такімі словамі:

«Табе, наша Каралева і Апякунка, ахвяруем і даручаем саміх сябе і ўсё, што маем: нашу Айчыну - сінявокую Беларусь, наш народ і ўсе яго справы, Касцёл, які адраджаецца і развіваецца, сем’і, народжаных і не народжаных яшчэ дзяцей, моладзь, хворых, церпячых; ахвяруем і давяраем Табе нашыя думкі і клопаты, кожнае біццё нашых сэрцаў і кожны парыў волі. Пакорна просім міласэрнасці і дапамогі, каб мы заўсёды заставаліся вернымі Богу, Касцёлу, Крыжу, Евангеллю і Бацькаўшчыне».

Пасля ўрачыстых абяцанняў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі прамовіў да Маці Божай:

«Тваёй абароне аддаемся і верым, што Ты нас ніколі не пакінеш і заўсёды дапаможаш, каб мы ў свабодзе дзяцей Божых будавалі новую і шчаслівую Беларусь на падмурку Евангелля».

Таксама ў Бялынічах днём раней старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч звярнуўся да Найсвяцейшай Панны Марыі з просьбай аб Яе матчыным заступніцтве ў справе паяднання, пераадолення падзелаў і вызвалення ад нянавісці ў беларускім грамадстве:

- Хоць сёння сітуацыя можа здавацца нам безнадзейнай, але Марыя, як у Кане Галілейскай, паказвае выйсце з кожнага безвыходнага становішча. Для гэтага неабходна, як Яна, слухаць Яе Сына Езуса і рабіць тое, што Ён нам кажа.

Нагадаем, таксама ў Бялынічах пасол Ватыкана ў Беларусі заявіў, што неабходна паскорыць вызваленне зняволеных.

Last modified onСерада, 22 Верасень 2021 10:19
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.