Logo
Print this page

Арцыбіскуп Кандрусевіч: чаму не змагаемся за Бога і Ягоную праўду?

Іерарх перасцярог, што веру, якую нашыя продкі захавалі ў часы ганенняў, мы можам страціць

29 верасня ў касцёле святога арханёла Міхала ў Івянцы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю адпустовай святой Імшы ў парафіяльную ўрачыстасць. Лёс гэтай прыгожай барочнай святыні складаўся няпроста. Пасля задушэння вызвольнага паўстання пад кіраўніцтвам беларускага нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага царскія ўлады зачынілі шматлікія каталіцкія касцёлы і кляштары, у тым ліку і ў Івянцы. Падчас Другой сусветнай вайны ў кляштары размяшчалася нацысцкая жандармерыя, а ў пасляваенныя часы панавання атэістычнага савецкага рэжыму, які насамрэч быў нічым не лепшым за нацысцкі, тут былі крама, засолачны цэх нарыхтоўчай канторы, сярэдняя школа, цэх тэхналагічнага інстытута, піша Catholic.by.

олькі ў 90-я гады мінулага стагоддзя касцёл і кляштар былі вернутыя законным уладальнікам - айцам францішканам і івянецкім вернікам. У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў, што летась, калі ў Беларусі пачаўся грамадска-палітычны крызіс, па парафіях ва ўсіх дыяцэзіях адбылася вялікая перэгрынацыя фігуры святога Арханёла Міхала, якая была прывезена з месца яго аб’яўленняў у Італіі.

- Такім чынам мы маліліся аб мірным вырашэнні крызісу. Сёння мы давяраем сябе, нашыя сем’і, парафіі і Радзіму гэтаму магутнаму нябеснаму апекуну, нашаму заступніку, - адзначыў арцыпастыр. - На вялікі жаль, маральныя анамаліі сучаснасці сведчаць пра тое, што мы не змагаемся за Божую праўду. Вельмі часта ігнаруем яе ў імя „паліткарэктнасці“ і дзеля ўласнага камфорту. Але задумаемся на хвіліну. Мы змагаемся за месца працы, за багацце, за пасаду, за свой знешні выгляд, за рэпутацыю… Але чаму не змагаемся за Бога і Ягоную праўду? Гэта горкая праўда, якой трэба зазірнуць у вочы. Гэта знак крызісу нашай веры. Веру, якую нашыя продкі захавалі ў часы ганенняў, мы можам страціць.

Падводзячы выснову, арцыбіскуп Кандрусевіч сказаў:

- Вельмі важна паставіць Бога на першым месцы ў нашым асабістым, сямейным, грамадскім і нацыянальным жыцці, бо тады перад намі адкрыецца новая перспектыва жыцця, згоднага з Божым законам, як гарантыі шчасця на гэтай зямлі і ў вечнасці.

Last modified onЧацвер, 30 Верасень 2021 13:24
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.