Logo
Print this page

«Я не займаюся палітыкай». Перад Пасхай з Расіі выслалі святара, пробашча парафіі ў Маскве

Мексіканскі святар служыў у РФ каля 15 гадоў, але від на жыхарства анулявалі па невядомых прычынах

Перад урачыстасцю Уваскрасення Хрыстова, якое католікі адзначылі 17 красавіка, з Расіі прыйшлося з'ехаць каталіцкаму святару, пробашчу парафіі Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Маскве. Айцец Фернанда Вера служыў у Расіі каля 15 гадоў і меў від на жыхарства, аднак незадоўга да Вялікадня атрымаў ліст з МУС, у якім паведамлялася аб тым, што від на жыхарства ануляваны. Святар - грамадзянін Мексікі, ён вымушаны быў вярнуцца ў сваю краіну.

У супольнасцях маскоўскіх католікаў распаўсюджвалася недакладная інфармацыя аб тым, што святара экстранна выслалі, сказалі пакінуць краіну на працягу сутак. На самай справе ўлады паведамілі аб сваім рашэнні загадзя. Пробашч выехаў з РФ перад Вялікаднем, каб не парушаць тэрміны, прапісаныя ў міграцыйных законах.

На расійскіх прапагандысцкіх рэсурсах таксама распаўсюджваюцца недакладныя звесткі з абвінавачваннямі святара ў «антываенных казаннях», у нейкай палітычнай дзейнасці, згадваецца аб прыналежнасці айца Фернанда да прэлатуры Opus Dei з рэтрансляцыяй ілжывых звестак і міфаў пра тое, што яе сябры прадстаўляюць «выведку Ватыкана».

У рэчаіснасці гэтыя здагадкі не маюць пад сабой ніякіх падстаў і з'яўляюцца выдумкай, а мэта прыхільнікаў Opus Dei (у перакладзе - «Справа Божая») - імкненне да святасці ў паўсядзённым жыцці: на працоўным месцы, у сям'і, у соцыуме. Прадстаўніцтва прэлатуры ў Маскве адкрыта для інфармацыі і кантактаў.

Сам айцец Фернанда ацэньвае тое, што адбылося, як непаразуменне:

«Мяне не выганялі, і ў МУС патлумачылі, што я магу вярнуцца, але трэба атрымаць візу. Праўда, гэта час, паперы, чэргі... На мой погляд, гэта нейкае непаразуменне адбылося ў міграцыйнай службе. Я нават не займаюся царкоўнай палітыкай, тым больш расійскай. Таму казаць, што гэта нешта палітычнае - даволі дзіўна. І мексіканскай палітыкай не займаюся. І мы, усе хрысціяне, молімся аб міры, аб тым, каб бакі дамовіліся».

У той жа час Архідыяцэзія Божай Маці ў Маскве апублікавала заяву «у сувязі з высылкай святара». Там адзначылі, што ліст з галоўнага ўпраўлення МУС, у якім паведамлялася аб ануляванні віду на жыхарства і абавязку выехаць з РФ на працягу 15 дзён, «не ўтрымлівае канкрэтных прычын для прыняцця такога рашэння».

«Архідыяцэзія выказвае глыбокае шкадаванне ў сувязі з тым, што айцец Фернанда быў вымушаны пакінуць краіну. Паколькі ў лісце ўказана, што гэта рашэнне можа быць абскарджана і не выключае паўторнага ўезду ў РФ, мы спадзяемся на тое, што гэтая сітуацыя можа быць паспяхова вырашаная і айцец Фернанда зможа працягнуць сваё служэнне».

Last modified onСубота, 23 Красавік 2022 11:30
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.