Logo
Print this page

Католікам не дазволілі памаліцца ля Чырвонага касцёла, парафія павінна вызваліць усе памяшканні

Аддаць ключы ад плябаніі парафія павінна ў свята 175-годдзе фундатара касцёла Эдварда Вайніловіча.

Увечары 11 кастрычніка невялікая група парафіянаў касцёла святога Сымона і святой Алены спрабавала памаліцца ля зачыненага храма. Пробашч ксендз Уладзіслаў Завальнюк таксама знаходзіўся ля Чырвонага касцёла і стаяў на каленях перад зачыненымі дзвярыма – як і ў 1990 годзе, калі вернікі змагаліся за вяртанне храма парафіі.

«Сёння парафіянам і вернікам сталіцы не дазволілі сабрацца каля святыні, каб разам памаліцца. А 15-й гадзіне людзі яшчэ змаглі разам са сваім пробашчам сабрацца каля муроў касцёла на малітву. У 17 гадзін, калі людзей традыцыйна прыходзіць больш, каб памаліцца, праз некалькі хвілін з'явіліся супрацоўнікі міліцыі, а пасля і людзі ў цывільным, якія проста выштурхоўвалі вернікаў з вонкавай тэрыторыі святыні. Была спроба не дазволіць таксама пробашчу парафіі ксяндзу каноніку Уладзіславу Завальнюку працягнуць малітву каля дзвярэй зачыненнага касцёла. Людзей, якія падыходзілі на прыступкі да касцёла, таксама спрабавалі не пускаць далей. Астатнім жа прыйшлося раздзяляцца паасобку», – распавёў вернік Віктар Ведзень.

Таксама ён паведаміў, што ў той жа дзень парафія атрымала чарговы ліст ад прадпрыемства «Мінская спадчына», фармальнага ўладальніка комплекса Чырвонага касцёла: «Цяпер, згодна з пастановай Мінгарвыканкама, асобны будынак плябаніі просяць вызваліць да 13 кастрычніка, разам з тым перадаць камплект ключоў».

У той жа час парафія паведаміла аб тым, што накіравала шэраг лістоў, у тым ліку на адрас Аляксандра Лукашэнкі і Следчага камітэту. Паводле апублікаванай інфармацыі, прадстаўнікоў парафіі так і не дапусцілі да даследавання «пашкоджаных канструкцый» храма, а пажар узнік з-за неправамерных дзеянняў неўстаноўленых асоб, якія разбілі вокны, упэўнены ў парафіі. Ксёндз-пробашч надалей трывае ў чыстым посце на вадзе, які ахвяруе ў інтэнцыі вяртання касцёла.

У той самы дзень, калі парафіі прапануюць пакінуць будынак плябаніі, будзе адзначацца 175-годдзеса сдня нараджэння фундатара касцёла Эдварда Вайніловіча, які нарадзіўся 13 кастрычніка 1847 года. Стэнд з гэтай інфармацыяй выстаўлены перад уваходам у храм. «Смуткуем, што зараз збудаваная ім святыня закрыта, няма магчымасці годна правесці малітву падзякі».

Media

Last modified onСерада, 12 Кастрычнік 2022 10:32
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.