Logo
Print this page

Заяц vs Езус: каля Чырвонага касцёла ў Мінску ўсталявалі сваю елку

Самотнае Немаўля на вуліцы сімвалізуе для вернікаў закрытай святыні цяперашняе Раство [+ верш вядомай паэткі, прысвечаны храму]

Вернікі заўважылі, што сёлета на плошчы Незалежнасці ў Мінску, насупраць закрытага Чырвонага касцёла, святочную елку ўпрыгожылі паганскімі знакамі - выявай труса, які лічыцца сімвалам 2023 года па кітайскім календары.

На гэта раней звярталі ўвагу і ў касцельным камітэце парафіі святога Сымона і святой Алены. Пробашч ксёндз Уладзіслаў Завальнюк даў свой адказ на гэтую сітуацыю: усталяваў ля ўваходу ў касцёл Калядную елку, асвечаную ў Гудагайскім санктуарыі, і пад ёй - яслі з нованароджаным Езусам. Самотнае Немаўля на вуліцы пад снегам ля закрытага храма сімвалізуе для вернікаў цяперашняе Раство.

У апублікаваных парафіяльных аб'явах касцёльны камітэт адзначыў, што споўнілася тры месяцы, як храм апячатаны, а «мы - вернікі выкінутыя з касцёла на вуліцу, сталі бяздомнымі сіротамі». У парафіі падкрэслілі, што моляцца аб «Божым прабачэнні для ўсіх ганіцеляў Езуса Хрыста» і што пераслед хрысціян - гэта «цяжкі грэх, і кара вісіць над такімі людзьмі і іх сем'ямі да трэцяга пакалення»:

«Молімся за ўсіх, хто выгнаў Езуса з нашага храма. Пане, даруй ім, каб зразумелі свой ганебны, святатацкі ўчынак».

Вернікаў заклікалі маліцца «не толькі за вяртанне храма, але і аб канчатковай перадачы яго на баланс парафіі»:

«Маліцеся і за многія іншыя храмы Беларусі, якія знаходзяцца ў падобнай сітуацыі».

Тым часам вядомая беларуская паэтка Наста Кудасава прысвяціла Чырвонаму касцёлу новы верш:

Лёгкія сцяла гарсэтам бяды,
голас у глотцы бетоннай канае,
больш не даюцца ні выдых, ні ўдых –
Мінск, ты вялізная клетка грудная!
 
Як у жывых тут застацца, калі
свішча надзея з пасечаных венаў?
Дзіўна, што Бог яшчэ не спапяліў
нашу бязлітасную айкумену.
 
Дзіўна, што ў гэтай зламанасці злой
Ён сваёй ціхай, упартай мятлой
лісце ва ўзвышшы духмяныя горне.
 
Працы стае. Не ўнімаецца Бог –
сыпле і сыпле лісты свае долу
там, дзе за рэбрамі чорных дарог
б’ецца чырвонае сэрца касцёла.

Media

Last modified onАўторак, 27 Снежань 2022 18:26
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.