Logo
Print this page

«Самы дзіўны касцёл Беларусі» абяцаюць вярнуць католікам Бабруйска

Але спачатку давядзецца аплочваць арэнду знявечанага будынка, а як вырашыцца пытанне з савецкай прыбудовай, пакуль невядома

Бабруйскі гарвыканкам распачаў працэдуру перадачы будынка касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі рыма-каталіцкай парафіі горада. Працэдура прадугледжвае адчужэнне будынка ў камунальную ўласнасць, потым арэнду, і затым – бязвыплатную перадачу касцёла парафіі разам з прыбудовай, паведамілі 15 студзеня ў групе «Аднаўленне бабруйскага касцёла».

Некаторы час парафіі давядзецца аплочваць арэнду пры карыстанні памяшканнямі касцёла, уласнікам якога з'яўляецца дзяржава, – раней аплату не спаганялі. Аднак, паводле заканадаўства, гэта неабходна для запуску працэдуры перадачы касцёла парафіі. Удакладняецца, што арэнда з 1 лютага, якая можа працягнуцца да 6 месяцаў, будзе пагадзіннай, а не каляндарнай. Гэта дазволіць плаціць менш, і толькі за тыя памяшканні, якія выкарыстоўвае парафія: за касцёльную і арганную залі, катэхетычныя памяшканні.

Грошы для аплаты арэнды будуць збіраць парафіяне – яны спадзяюцца, што праз паўгады гарадскія ўлады перададуць касцёл у бясплатнае карыстанне, як гэта адбылося з касцёлам у Магілёве. Аднак пэўнасці ў гэтым пытанні пакуль няма. Таксама як і з тым, што рабіць з савецкай прыбудовай да касцёла, якая знаходзіцца ў аварыйным стане.

Нагадаем, вернікі ўжо шмат гадоў дабіваюцца перадачы святыні, якую часта называюць «самым дзіўным касцёлам Беларусі». Пабудаваны ў 1901–1903 гады храм быў адабраны ў вернікаў і зачынены ў савецкі час, прыстасаваны пад залу прадпрыемства, а ў 1960-я гады камуністычныя ўлады знеслі званіцу і прадметы дэкору фасадаў, прыбудавалі 5-павярховую хрушчоўку, каб схаваць за ёй храм. Цяпер яна не выкарыстоўваецца і знахозіцца ў аварыйным стане – будынак трэба зносіць, але грошаў на гэта ў горада няма.

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.