Logo
Print this page

Біскуп у Кіеве ўзначаліў Імшу па загінуламу беларускаму добраахвотніку

Саслужыў біскупу святар, які родам з Гомеля і быў парафіянам мясцовага касцёла.

Пахавальная святая Імша за беларуса Эдуарда Лобава прайшла 4 лютага ў катэдральным саборы святога Аляксандра ў Кіеве. Біскуп Кіева-Жытомірскі Віталій Крывіцкі цэлебраваў Эўхарыстыю ў галоўным касцёле украінскай сталіцы, дзе была выстаўлена труна з беларускім добраахвотнікам, які загінуў 26 студзеня ў баях ля Вуглядару – ён служыў у складзе украінскага войска і дапамагаў абараняць тэрытарыяльную цэласнасць Украіны ад расійскай вайсковай агрэсіі. 34-гадовы беларус быў смяротна паранены ў баі.

На сваёй старонцы ў Фэйсбуку біскуп Віталій Крывіцкі нагадаў словы Хрыста з Евангелля паводле Яна «Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх» і пракаментаваў:

«Няхай Бог Міласэрны прыме ў рай усіх, хто аддаў сваё жыццё за сяброў, а нам самім хай дасць сілы выконваць Запаведзі Любові кожны дзень».

Біскупу саслужыў беларускі святар Мікалай Ермакоў, які паходзіць з Гомеля. Ён быў мясцовым парафіянінам і ўжо ў пенсійным узросце паступіў у кіеўскую семінарыю. Пасля пасвячэння ксёндз Мікалай застаўся служыць у Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі.

Пахаваюць Эдуарда Лобава ў Варшаве, дзе цяпер жыве ягоная маці.

Аўтар фота: Алесь Мінаў

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.