Logo
Print this page

Дата сумная і радасная: 8 месяцаў, як Чырвоны касцёл зачынены, і 49 год святарскага пасвячэння пробашча

«Дзякуем, што вучыце нас прымаць прыніжэнні, абыякавасць, адкінутасць і кпіны без злосці, а нават з усмешкай», – гаворыцца ў віншаванні парафіянаў ксяндза Уладзіслава Завальнюка.

26 траўня споўнілася 8 восем месяцаў, як Чырвоны касцёл у Мінску зачынены «для вернікаў і для Хрыста», – гаворыцца ў паведамленні парафіі Святога Сымона і святой Алены.

«Зачынена рукамі і воляй людзей, якія створаны Богам, адкуплены Крывёю Збаўцы і нават ахрышчаныя. Восем месяцаў, як наш народ і наша краіна пазбаўлены вялікай Божай любові, якая сплывае падчас святой Імшы», – адзначаецца ў паведамленні парафіі.

Там падзякавалі ўсім, хто трывае ў Пампейскай навэнне, падтрымлівае парафію малітваю і постам, прыносіць ваду ў плябанію – нагадаем, дом святароў адключылі ад усёй камунікацыі.

Адначасова ў гэты ж дзень адзначаецца 49-я гадавіна святарскага пасвячэння пробашча парафіі ксяндза каноніка Уладзіслава Завальнюка.

«Ваша святарства распачыналася ў вельмі складаны і цярністы час для веры. Выпрабаванні працягваюцца да сёння. Дзякуем Вам за прыклад годнага святарскага служэння, за тое, што ў цяжкія часы нашага выгнання вы падтрымліваеце нас, парафіянаў, прыкладам мудрасці, разважлівасці, сціпласці і поўнага даверу Богу. Дзякуем, што вучыце нас прымаць прыніжэнні, абыякавасць, адкінутасць і кпіны без злосці, а нават з усмешкай», – гаворыцца ў віншаванні парафіянаў.

Яны пажадалі свайму пробашчу, каб Усемагутны Госпад адказаў на ягоную «самую гарачую малітву аб вяртанні касцёла вернікам»:

«Няхай Маці Божая, культ якой Вы пашыраеце ў Беларусі, заўсёды трымае Вас пад плашчом сваёй апекі».

Наш канал в Telegram – только важное. Подписаться >

Last modified onПятніца, 26 Май 2023 16:24
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.