Logo
Print this page

Стала хроснай дзесяткаў парафіян. Успамінаем беларуску, праз якую прыйшлі да веры многія масквічы

Легендарная «пані Ганна» роўна 10 гадоў таму адышла ў вечнасць – у перыяд адраджэння Каталіцкай царквы ў постсавецкі час простая жанчына без адукацыі дапамагала знайсці Бога.

Пасля таго, як маскоўскі журналіст Ілля Пераседаў распавёў пра сваё далучэнне да Каталіцкай царквы і выказаў думку, што тут «цябе ніхто не чакае» (маецца на ўвазе неактыўная місіянерская дзейнасць і праца па катэхізацыі), тэму сталі абмяркоўваць мясцовыя вернікі.

У каментарах у сацсетках яны пачалі ўспамінаць, хто дапамагаў у уцаркаўленні ў перыяд адраджэння Каталіцкай царквы ў Расіі ў 1980-2000-х гадах, і адной з такіх назвалі «пані Ганну», якая была парафіянкай храма святога Людовіка, а таксама храма святых апосталаў Пятра і Паўла ў Маскве.

«У Людовіку шмат гадоў на першай лаўцы малілася пані Ганна. Усіх сустракала, карміла, катэхізавала. Яна хросная дзесяткаў парафіян», – распавёў адзін з маскоўскіх вернікаў.

Katolik.life зацікавіўся асобай пані Ганны і высветліў, што яна была беларускай і як раз цяпер спаўняецца 10 гадоў з моманту яе смерці. Верніцу звалі Ганна Лук'янаўна Зінкевіч – яна адышла ў вечнасць 21 жніўня 2013 года пасля цяжкай хваробы і пахавана на Хаванскіх могілках Масквы.

Па матэрыялах партала Рускатолик.рф мы сабралі ўспаміны вернікаў аб гэтай вядомай сярод маскоўскіх католікаў беларусцы, праз служэнне якой сотні людзей прыйшлі да веры. Мы дапоўнім інфармацыю, калі хтосьці падзеліцца іншымі фактамі з біяграфіі Ганны Лук'янаўны, а пакуль – з таго што мы змаглі даведацца – вядома, што пані Ганна прыехала ў Маскву з Сібіры. Мяркуючы па ўсім, яна – з каталіцкай сям'і рэпрэсаваных, якую з Беларусі саслалі ў Сібір. Да пенсіі пані Ганна працавала ў чыгуначных касах, а затым стала «дзяжурыць» у парафіі святога Людовіка.

«Увесь дзень у храме была дзяжурная пані Ганна Лук'янаўна, якая карміла святароў смажанай бульбай і баршчом (...) На першы погляд часам здавалася суровай, але на самой справе была вельмі добрай і заўсёды ўсім дапамагала. Шмат каму дапамагла пазнаёміцца з храмам і з Царквой, кожны дзень падоўгу праводзіла ў храме і сустракала «новенькіх». Ганна Лук'янаўна часта была хроснай пры хрышчэнні дзяцей і дарослых. Яна была вельмі добрай сваццяй, бо ведала ўсіх. Для многіх вернікаў стала родным чалавекам», – успамінае сястра Ніна Халецка MSF.

Пані Ганна ў чорным берэце справа ад святара, 2004 год

Адна з хрэсніц Ганны Лук'янаўны – псіхолаг, пісьменніца, даследчыца Лола Крэтава. Прыводзім вытрымкі з яе ўспамінаў:

«Фактычна, менавіта Ганна Лук'янаўна дапамагла мне хрысціцца ( ... ) Яна не ўмела разважаць пра багаслоўе, пра сутнасць сакрамэнтаў, але наўзамен давала сваім хрэсніцам кніжкі, брашуркі, раздрукоўкі парадку Імшы, медальёны, малюнкі і навучанні ў рэгулярнасці (...) Упэўненая, што яе напорысты характар дапамагаў многім увайсці ў Царкву да той пары, калі прыезджыя святары-місіянеры не пераўзышлі яе ў сваёй напорыстасці, а ўтрымоўваны кантакт з хрэснікамі і хрэсніцамі вельмі спрыяў іх пабожнасці».

Паводле Лолы Крэтавай, пані Ганна «была не каардынатарам, хутчэй медыятарам»:

«Яна ахвотна натхняла, падахвочвала нешта зрабіць. Як мінімум, прыходзіць часцей. Дапамагаць ёй з мыццём падлог, хадзіць куды-небудзь пасля Імшы. Але таксама яна ўмела ўсталёўваць кантакты паміж людзьмі, знаёміла іх адзін з адным. Для мяне яна стала правадніком у прасторы, дзе не заўсёды зразумела тое, што адбываецца, і патрэбны час, каб асвоіцца. Яна амаль не тлумачыла з багаслоўскіх пазіцый, проста казала, што трэба рабіць. Але гэтага было дастаткова, каб не ўцячы праз незразумеласць таго, што адбываецца».

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Калі ў вас ёсць што дадаць пра легендарную пану Ганну, просім пакінуць каментар пад гэтай публікацыяй. Магчыма, у вашых парафіях таксама былі такія «катэхізатары», пра якія варта распавесці? Напішыце і пра гэта ў каментарах – бо гэтыя людзі павінны застацца ў гісторыі Каталіцкай царквы.

Чытайце таксама: «Гэта вера беларускага народа». Хто такая Ядзвіга Пастэрнак, якую Папа Рымскі назваў святой >

Last modified onСубота, 19 Жнівень 2023 18:51
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.