BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Парафіяне Чырвонага касцёла разам з пробашчам выйшлі ў посную пілігрымку ў Будслаў

Гэта адна з самых цяжкіх пілігрымак, але ж і інтэнцыя важная – каб святыню адкрылі для вернікаў. Напярэдадні парафія чарговы раз звярталася да ўладаў.

Посная пілігрымка з Мінска ў Будслаў выйшла 2 ліпеня на чале з пробашчам парафіі Святога Сымона і Святой Алены ксяндзом Уладзіславам Завальнюком. Разам з ім ад зачыненага ўжо амаль два гады Чырвонага касцёла выправіліся ў шлях яшчэ каля 20 вернікаў.

«Сёлета мы адчуваем асаблівае адзінства, бо нас яднае галоўная інтэнцыя: мы ўсе прагнем той хвіліны, калі дзверы касцёла святых Сымона і Алены ізноў адкрыюцца, каб прыняць вернікаў. Заахвочваем далучацца да нашай малітвы, а калі хто захоча, то яшчэ не позна далучыцца і да паста», – гаворыцца на сайце парафіі.

Гэта адна з самых цяжкіх пілігрымак – за няпоўныя чатыры дні вернікам трэба будзе пераадолець каля 130 кіламетраў, гэта значыць праходзіць за дзень больш за 30 кіламетраў, пры гэтым трымаючыся паста. Некаторыя вернікі падчас такіх пілігрымак трымаюцца вельмі строгага паста – толькі на хлебе і вадзе.

Напярэдадні парафія публікавала чарговы зварот да ўладаў з просьбай адкрыць святыню з нагоды 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нацысцкай акупацыі:

«Мы звяртаемся да ўсіх чыноўнікаў, гаспадароў уладных кабінетаў, сённяшніх кіраўнікоў: Адкрыйце храм для малітвы. Дазвольце людзям ажыццяўляць іх хрысціянскі абавязак і пакліканне – збірацца разам на малітву у Божым доме. Мы вельмі просім улады горада ў гэты час усеагульнага прымірэння перад памяццю герояў Вялікай Айчыннай вайны адкрыць дзверы касцёла святых Сымона і Алены для вернікаў. Адкрыць, каб хрысціяне-католікі маглі б годна аддаць пашану ахвярам і пераможцам мінулай вайны».

Аднак храм застаецца зачыненым. Нагадаем, 25 верасня 2022 года тут апошні раз цэлебравалі святую Імшу. У наступную ноч у храме адбыўся пажар пры дзіўных абставінах, пасля якога ўлады абвясцілі аб тым, што далейшая эксплуатацыя будынка небяспечная, ён нібыта мае патрэбу ў рамонце, і 26 верасня зачынілі храм для вернікаў.

Пасля святары былі дапушчаныя ў храм і не заўважылі там сур'ёзных пашкоджанняў, якія б перашкаджалі эксплуатацыі храма.У афіцыйнай версіі сцвярджалася, што «ў будынку загарэлася электраправодка», хоць пацверджанняў гэтаму прадстаўлена не было, як і не былі апублікаваныя вынікі расследавання пажару і не з'явілася тлумачэнняў, хто і якім чынам разбіў вокны ў храме, пасля чаго, як мяркуецца, і адбыўся пажар.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Last modified onСерада, 03 Ліпень 2024 20:19
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць