У Брэсцкай вобласці ліквідавалі ўсе грэка-каталіцкія парафіі
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
Вернікі абскарджвалі рашэнні праз суд, але атрымалі адмову.
У Вярхоўным судзе Беларусі 9 красавіка прайшло пасяджэнне па разглядзе скаргі грэка-каталіцкай парафіі ў Брэсце на рашэнне Брэсцкага абласнога суда аб ліквідацыі парафіі. На жаль, скаргу не задаволілі – прынята канчатковае рашэнне аб пазбаўленні супольнасці рэгістрацыі як рэлігійнай арганізацыі.
Пра гэта даведаліся вернікі, але ні структуры Каталіцкай царквы, ці дзяржаўныя органы не паведамлялі аб ліквідацыі парафіі Святых Братоў Апосталаў Пятра і Андрэя ў Брэсце.

Больш за тое, рашэннем мясцовых уладаў была ліквідаваная таксама грэка-каталіцкая парафія Святых Кірылы і Мятода ў Баранавічах. Разам з парафіяй у Івацэвічах, якая раней не прайшла перарэгістрацыю, агулам ліквідаваныя ўсе тры рэлігійныя арганізацыі грэка-католікаў (уніятаў) у Брэсцкай вобласці.
Сітуацыя гэтых супольнасцяў асаблівая. Калі многія рыма-каталіцкія парафіі не прайшлі перарэгістрацыю ў 2025 годзе і падалі заяву аб ліквідацыі арганізацый, то ў гэтым выпадку працэс ліквідацыі адбываўся праз суд.
Падрабязнасці вернікам не вядомыя. Але выглядае так, што супольнасці былі нязгодныя з ліквідацыяй, таму такія рашэнні прынялі мясцовыя ўлады, а вернікі абскарджвалі гэтыя рашэнні ў судзе.
Дакладная афіцыйная прычына ліквідацыі невядомая, аднак у адным з рашэнняў вернікі заўважылі фармулёўку аб быццам бы «пагрозе нацыянальным інтарэсам».
Скаргу падавала і парафія ў Баранавічах, але вынік вернікам невядомы – хутчэй за ўсё, таксама была атрымана адмова. Цяпер супольнасць удзельнічае ў рыма-каталіцкіх Імшах у касцёле.
Пасля ліквідацыі арганізацый грэка-католікі не могуць арганізоўваць службы ў візантыйскім абрадзе і збірацца самастойна на малітву ў сваіх храмах. Пытанне з маёмасцю парафій пакуль вырашаецца – верагодна, давядзецца рэгістраваць будынкі храмаў на прыватных асобаў.
Наколькі вядома вернікам, грэка-католікі Брэсцкай вобласці спадзяюцца, што будзе дасягнута дамоўленасць служыць літургіі ў візантыйскім абрадзе ў мясцовых каталіцкіх храмах. І не губляюць надзею, што ў будучыні змогуць наноў зарэгістраваць парафіі.
Адметна, што такія працэсы адбыліся пры новым Апостальскім нунцыі (дыпламатычным прадстаўніку) Ватыкана ў Беларусі арцыбіскупе Іньяцыё Чэффаліа (на галоўным фота), які сам з'яўляецца грэка-католікам – святаром візантыйскага абраду Італа-албанскай Каталіцкай царквы.
Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >
Related items
-
Выпускнікі прыйшлі ў касцёлы, каб падзякаваць Богу і папрасіць дабраславення
-
«Вялікая бяда». Яшчэ 5 каталіцкіх святароў вымушаны пакінуць Беларусь – з'явілася рэакцыя вернікаў
-
Беларускі біскуп у Польшчы: жыць у згодзе, нягледзячы на палітычную кан'юнктуру
-
Беларусь пакінуў польскі святар пасля 30 гадоў служэння на Віцебшчыне
-
140 супраць 8. Болей за ўсіх католікаў працягвае «нараджаць» Гродзенская вобласць