Logo
Print this page

Тысячы людзей даведаліся пра маленькі касцёл у Мінску і яго патрэбы – дапамагла душэўнасць

Пост убачылі ўжо 20 тысяч чалавек, і гэта можа быць прыкладам для іншых парафій – як напісаць у сацсетцы, каб пра вас даведаліся як мага больш людзей.

Мінчанка Вольга ў сацсетцы распавяла пра каталіцкую парафію і яе патрэбы так душэўна і шчыра, што атрымала масу водгукаў. Гэта нядаўна пабудаваны, але яшчэ да канца не аформлены храм святых апосталаў Пятра і Паўла і святога Яўгена дэ Мазено на вуліцы Някрасава ў Мінску.

У парафіі служаць місіянеры аблаты Марыі Беззаганнай. Пробашчам невялікай супольнасці з'яўляецца айцец Пётр Бялевіч. Вольга распавяла, што храм будуецца на ахвяраванні і мае патрэбу ў фінансаванні – адразу некалькі чалавек у каментарах выказалі жаданне дапамагчы.

Але гэта не галоўнае. Аўтар зрабіла акцэнт на стаўленні святароў у гэтай парафіі:

«Была першы раз і вярнуся. І вось чаму: вернікаў у іх не шмат, але яны цэняць кожнага – ксёндз вітае, падыходзіць да дзетак пытаецца, як у іх справы, называючы па імені. У сярэдзіне службы, калі клікаў дзетак размаўляць пра біблейскія сюжэты, раздаваў цукеркі. Відаць, што туды ходзяць тыя, хто адзін аднаго ведае».

Адносна фінансавай дапамогі парафіі Вольга адзначыла:

«Імша скончылася тым, што святар распавёў, колькі грошай было сабрана за некалькі месяцаў і куды яны выдаткаваныя. Ён сказаў, што не хапае на тое, каб зрабіць яшчэ некалькі вітражоў, і яшчэ на сякія-такія працы. Вельмі душэўнае стаўленне да людзей. Калі раптам вы па нядзелях ходзіце ў касцёл і вам гэтая лакацыя блізкая – наведайце іх, калі ласка».

Вольга дадала, што ў храме ёсць крамка, дзе можна набыць рэлігійныя тавары, і гэтым таксама дапамагчы парафіі.

Дзякуючы такой падачы пост «заляцеў»: менш чым за суткі яго ўбачылі звыш 20 тысяч чалавек. Гэта можа быць добрым прыкладам для іншых парафій, якія маюць патрэбу ў дапамозе, – як напісаць у сацсетцы, каб пра вас даведаліся як мага больш людзей.

Адзначым, што сярод вернікаў цяпер ёсць попыт на ўдзел у рэлігійным жыцці менавіта ў невялікай супольнасці, дзе вернікі адчуваюць сябе не безасабовымі, атрымліваюць увагу ад святароў і іншых вернікаў.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Last modified onАўторак, 16 Чэрвень 2026 18:05
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.