«Паглядзім праўдзе ў вочы». Як прапануе перажыць Адвэнт арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
Размываюцца прынцыпы хрысціянства, у якім Хрыста становіцца ўсё менш, папярэджвае іерарх.
Пастырскае слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Адвэнт, які пачынаецца ў католікаў 29 лістапада, апублікавала Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Мы выбралі ключавыя цытаты.
Ганаровы іерарх адзначае, што мы павінны чуваць, каб захаваць дар веры – гэта першаснае заданне Адвэнту. Але ці сучасны чалавек разумее яго?
«Паглядзім праўдзе ў вочы. Аб чым мы найбольш клапоцімся падчас Адвэнту? Ці нашае адвэнтавае жыццё напоўнена духоўным чуваннем? Супермаркеты ўжо даўно распачалі свой адвэнт. Іх галоўнай мэтай з’яўлецца прыбытак».
Тое, што мы маем час на пакупкі, але не маем яго для Бога, забываемся пра духоўныя справы, нагадвае пра крызіс веры ў сучасным свеце, лічыць іерарх і сцвярджае, што крыніцай кожнага крызісу з’яўляецца духоўны крызіс.
«Вялікія экзістэнцыяльныя пытанні застаюцца без адказу, у той час як тэхналагічная культура распаўсюджваецца і размываюцца прынцыпы хрысціянства. У сучасным секулярным свеце хрысціянства часта прадстаўляецца як рэлігія такіх каштоўнасцяў, як любоў, справядлівасць, шчырасць, змаганне за мір і г. д., чаго ніхто не аспрэчвае. Аднак ва ўсім гэтым, на жаль, вельмі часта нестае жывога і асабістага Бога, які праходзіць побач, збаўляе, кліча і любіць, але якога чалавек не бачыць».
У выніку ў нашым жыцці і сучаснай культуры ўсё часцей праяўляецца не вертыкальнае, а гарызантальнае вымярэнне хрысціянства, у якім Хрыста становіцца ўсё менш, піша арцыбіскуп Кандрусевіч.
«На жаль, сучасная секулярная ідэалогія ўсё часцей імкнецца змяніць прадстаўленыя ў Святым Пісанні маральныя нормы згодна з меркаваннем большасці. Але хрысціянскія праўды веры не прыдуманыя чалавекам і не прынятыя парламенцкай большасцю, а аб’яўлены Богам, таму іх нельга змяняць, нават дэмакратычным шляхам».
Мы перажываем час новых выпрабаванняў веры і небяспеку прыняцця зманлівай рэлігіі, якая абяцае вырашэнне ўсіх праблем коштам адмовы ад праўды. Гэта тэндэнцыя праяўляецца ў псеўдамесіянізме, калі чалавек замест праслаўлення Бога праслаўляе самога сябе і замест Божай праўды шукае розныя альтэрнатывы, якія прыводзяць да разгубленасці, адзіноты і роспачы.
У гэтым пошуку асаблівае месца займае тэхналагічны прагрэс, які становіцца новай рэлігіяй. З аднаго боку, сучасны чалавек не ўяўляе сабе жыцця без інтэрнэту, смартфону і штучнага інтэлекту. Але, з іншага боку, ён часта становіцца кіберзалежным.
Адной з такіх залежнасцей з’яўляецца так званы клікбэйт — цяга да клікання па ўсім у інтэрнэце. Гэта сенсацыйныя або правакацыйныя загалоўкі і малюнкі-застаўкі, якія схіляюць карыстальніка клікнуць па спасылцы і такім чынам чыняць чалавека залежным.
Падрыхтаваныя Ватыканам матэрыялы на Сусветны Дзень сродкаў масавай камунікацыі ў 2027 годзе невыпадкова падкрэсліваюць, што ў эру клікбэйту асабліва важным з’яўляецца захаванне чуйнасці і панаванне над здаровай увагай.
«Для гэтага неабходна чуваць, каб заставацца вернымі свайму пакліканню і сведчыць хрысціянства як рэлігію збаўлення, якую нам прынёс Хрыстус, да святаў Нараджэння якога мы рыхтуемся».
Чуваць азначае штодзённа маліцца, прымаць удзел у адмысловых адвэнтавых практыках, такіх як рараты, рэкалекцыі, пакаянныя набажэнствы, дабрачынныя акцыі і іншыя. Чуваць азначае не зацыклівацца толькі на вонкавай падрыхтоўцы да святаў, каб яна не знішчыла іх духоўны складнік.
Чуваць азначае з Божай дапамогай супрацьстаяць спакусам злога духа.
«Чуваць азначае не паддацца ўплывам псеўдарэлігійных і секулярных тэндэнцый. Словам, чуваць азначае быць гатовым на новае прыйсце Хрыста».
Іерарх прапануе даверыць сябе Марыі — Маці адвэнтавага чування, каб наша хрысціянства было сапраўдным спатканнем з Хрыстом, які прыходзіць.
Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >
Related items
-
Хацеў памерці ў Беларусі. Вернік наведаў ксяндза, які пасля 36 гадоў служэння вымушана вярнуўся ў Польшчу
-
Цуды – кожны дзень. У Будславе распавядаюць, як і каму дапамагла Божая Маці
-
Чаму канцэрты ў касцёле ў Брэсце – з'ява больш небяспечная, чым гэта можа здавацца
-
Канцэрты ў касцёле Брэста не адмянілі. Біскупы прамаўчалі, арганізатары патлумачылі сваю пазіцыю
-
Святар з Віцебску напісаў аповесць – яна даступная анлайн і бясплатна