Logo
Print this page

На Раство для больш за 100 бедных і бяздомных у Гомелі зладзілі спектакль і абед - ФОТА, ВІДЭА

Рэкордная колькасць патрабуючых наведалі каталіцкі Дом міласэрнасці Маці Тэрэзы на праваслаўнае Раство.

7 студзеня, калі праваслаўныя адзначаюць Нараджэнне Хрыстова, сёстры каталіцкага ордэна Маці Тэрэзы ў Гомелі зладзілі святочны абед для бедных і бяздомных, бо большасць з іх - праваслаўныя. У гэты марозны дзень Дом міласэрнасці наведалі рэкордная колькасць маючых патрэбу людзей, больш за 130 чалавек. Манахіням нават прыйшлося ставіць дадатковыя сталы ў перапоўненай залі.

Спачатку перад гасцямі Дома міласэрнасці выступіў вікарый каталіцкай парафіі айцец Кшыштаф, які прачытаў урывак з Евангелля і кароткую пропаведзь. А веруючая моладзь падрыхтавала для бедных і бяздомных цікавы святочны спектакль. Таксама ўсе праспявалі Калядныя песні.

Кожны атрымаў порцыю з гарачай стравай - курыцай і бульбяным пюрэ, а таксама салату, гарбату. Хапіла на ўсіх. На выхадзе наведвальнікам далі калядныя падарункі: садавіну і цукеркі.

Нагадаем, адзіныя ў Беларусі прадстаўнікі ордэна Маці Тэрэзы служаць у Гомелі. Сёстры з розных краін утрымліваюць Дом міласэрнасці, у якім дапамагаюць бедным і бяздомным ужо больш за 20 год і займаюцца многімі справамі, за якія мала хто хацеў брацца. Дом Міласэрнасці служыць прытулкам для некалькіх хворых мужчын і жанчын, якія апынуліся на вуліцы без сродкаў да існавання. Сёстры даглядаюць за імі, лечаць, дапамагаюць кінуць піць, аднавіць дакументы і ўладкавацца на працу. Місіянеркі рыхтуюць абед для бяздомных, раздаюць прадукты і адзенне для бедных сем'яў і адзінокіх старых, працуюць з дзецьмі з малазабяспечаных і праблемных сем'яў. Парафіяне касцёла дапамагаюць у Доме міласэрнасці карміць жабракоў, прыходзячы на працу ў сталовую. Дапамагчы можа кожны: напрыклад, раздаць ежу, памыць посуд, прынесці вопратку ці абутак.

Media

Last modified onАўторак, 10 Сакавік 2015 11:16
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.