Logo
Print this page

Па цэнтральнай вуліцы Гомеля прайшла каталіцкая працэсія Божага Цела

Па шляху дзеці абсыпалі кветкамі дарогу для Езуса, працэсія малілася аб дамах і працоўных месцах, аб тым, каб Гасподзь зберагаў ад голаду і вайны.

7 ліпеня ў Гомелі адбылася працэсія Божага Цела - традыцыйнае для каталікоў Набажэнства, якое праходзіць па цэнтральных вуліцах населеных пунктаў. У Гомелі працэсія з прыкладна трохсот парафіянаў прайшла па цэнтральнай вуліцы Савецкай ад касцёла да Дома міласэрнасці сясцёр Маці Тэрэзы. Па шляху дзяўчынкі абсыпалі пялёсткамі кветак дарогу для Езуса, прысутнага ў Святых Дарах, якія нёс біскуп Казімір Велікаселец.

На прыпынках каля алтароў працэсія слухала чытанні з Евангелля і малілася аб Гомелі, Беларусі, усім свеце, дамах і працоўных месцах, аб тым, каб Гасподзь зберагаў ад голаду і вайны.

- Хрыстос кажа: Прыйдзіце да Мяне, усе знямоглыя і прыгнечаныя, і Я супакою вас. Ён знаходзіцца побач, у табэрнакулюме каля алтара. З вераю прымайце святую Камунію, цела Хрыста, якое Ён аддаў за нашы грахі, наша выратаванне, і не бойцеся нічога, - заклікаў біскуп. - Баяцца трэба толькі аднаго - каб д'ябал не адвёў ад Хрыста, таму што жыццё без Яго вельмі небяспечнае. Дзеці забіваюць бацькоў, маці - сваіх дзяцей, бо не моляцца, не прыходзяць у храм, не прымаюць святыя Сакраманты, цела Хрыста. Атрымаўшы Камунію, мы сыходзім умацаванымі, нічога важней гэтага ў свеце няма.

«Вось Хлеб жывы, Які сышоў з Неба, і хто яго спажывае, будзе жыць вечна» - абвясціла працэсія ў цэнтры Гомеля.

- Шукайце Валадарства Божага, а астатняе будзе дадзена, абяцае Гасподзь. Царства Божае намаганнем бярэцца, і мы сёння прыклалі гэта намаганне, выйшлі на вуліцу, каб публічна вызнаваць сваю веру ў тое, што Ісус прысутнічае ў Святых Дарах, маліліся за тых, хто яшчэ не ведае Бога, не знайшлі дарогу да Яго, - падсумаваў біскуп.

Last modified onПанядзелак, 08 Чэрвень 2015 10:52
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.