Свет хоча бачыць Царкву не толькі ў храме, але і ў супермаркеце
- Written by admin
- Published in Навіны - Гомель
- Add new comment
Упершыню ў сваёй гісторыі Каталіцкая царква Беларусі склікала кангрэс журналістаў. На трохдзённым форуме ў Гродне сабраліся каля ста чалавек - прадстаўнікі каталіцкіх СМІ і журналісты-каталікі са свецкіх выданняў, каталіцкае духавенства і святары Праваслаўнай царквы. Быў прадстаўлены на кангрэсе і гомельскі каталіцкі сайт.
Ганаровым госцем сустрэчы стаў легендарны польскі рэжысёр Кшыштаф Занусі. Акрамя меркавання аб рабоце прэсы, у рэжысёра цікавіліся, як навучыцца здымаць кіно:
- Зараз гэта вельмі проста. У кожнага ёсць тэлефон - пачніце з мабільнага відэа! - адказаў Кшыштаф Занусі.
На сустрэчы падкрэслівалі галоўную думку: у прэсе, у блогах, у сацыяльных сетках хрысціянін павінен пісаць толькі праўду і не ісці на здзелкі з сумленнем:
- Не трэба баяцца ўдзельнічаць у «свецкіх» дыскусіях. Важна сказаць, што я хрысціянін і паводле вучэння Царквы разважаю вось так.
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, як заўсёды, шмат жартаваў і запэўніў, што ён цалкам адкрыты для прэсы:
- Царква ўсё больш ўваходзіць у медыйную прастору і выкарыстоўвае сродкі масавай камунікацыі як вельмі карысны, эфектыўны і сучасны інструмент пропаведзі Евангелля. Адна з мэтаў кангрэсу - паглядзець на сябе ў праўдзе, ацаніць свае моцныя і слабыя бакі.
На працягу трох дзён форуму каталіцкія журналісты абмяркоўвалі сваю дзейнасць на радыё, тэлебачанні, у друку, інтэрнэце, і, вядома, - сацыяльных сетках. Таксама гаворка ішла аб выкарыстанні PR-тэхналогій царквой - не трэба гэтага баяцца, пра тое, што яна павінна рабіць, каб «патрапіць у тэлевізар» і быць больш зразумелай свету. Царкве важна своечасова адказваць на пытанні, што хвалююць грамадства, прысутнічаць не толькі ў храме, але ісці да людзей - у супермаркеты, на вуліцы - быць адкрытай, не ствараючы ўласнай рэзервацыі.
У якасці прыкладаў былі прыведзеныя хрысціянскія флэшмобы з выкананнем калядных песень, якія арганізоўваліся ўзімку па ўсім свеце ў гандлёвых цэнтрах. А таксама рэакцыя варшаўскіх каталікоў на рэкламу публічнага дома. Па ўсім горадзе былі раскіданы ўлёткі з надпісам «Дзяўчаты чакаюць 24 гадзіны». Хрысціяне зрабілі дакладна такія ж ўлёткі, прыпісаўшы: «...на тваю малітву».
Безумоўна, ішла размова і аб неабходнасці актыўна прапаведаваць Хрыста ў інтэрнэце.
- Мы так часта хочам закрыцца ва ўласным свеце з Езусам, дзе нам добра і прыемна - як апосталы, якія хацелі пабудаваць намёты на гары і жыць з Богам. Але Хрыстос на гэта не згаджаецца, ён пасылае нас у свет, - падкрэслівалі лектары.