Logo
Print this page

Што кажа Бог аб чарговым "канцы свету", які быццам наступіць праз 100 дзён?

Толькі адзін Гасподзь ведае, калі здарыцца Ягоны Вялікі суд, і заклікае: "Чувайце"!

Для большасці людзей, напэўна, відавочна, што ў лютым 2014 году - менавіта гэтую дату навязваюць нам розныя індустрыі - ніякага "канца свету" не будзе. Чалавецтва ўжо рыхтавалі да "канца свету" ў 2012 годзе па календары майя, а цяпер выдаюць новую сенсацыю, каб зарабіць на гэтым грошы: канец свету нібыта прадвяшчае каляндар вікінгаў. Але толькі адзін Гасподзь ведае, калі здарыцца Ягоны Вялікі суд.

Канца свету, як і ўласнай смерці, хрысціяне не баяцца. А наадварот, радасна чакаюць сустрэчы з Госпадам. Хутка пачнецца перыяд Адвэнту, калі Хрыстос нагадвае вернікам аб сваім новым прыйсці.

«У той час: Езус сказаў вучням Сваім: Глядзеце ж за сабою, каб сэрцы вашыя не абцяжарваліся абжорствам і п'янствам і клопатам будным, і каб дзень той не застаў вас зьнянацку: бо ён, як сетка, накрые ўсіх, хто жыве па ўсім улонні зямным. Дык вось, чувайце ва ўсякі час і малецеся, і хай спадобіцеся ўнікнуць усіх гэтых будучых нягодаў і паўстаць перад Сынам Чалавечым» (Лк 21, 34-36).

- Гэта будзе суд у любві Божай, якую Ён паказаў на крыжы. Як кажа Гасподзь, хрысціянін заўсёды сочыць за сабой, за сваімі справамі і думкамі, таму не мае патрэбу ў міліцыі, праверках, кантралёрах, - тлумачыць Евангелле гомельскі пробашч айцец Славамір. - І хрысціянін ведае, што ягонае жыццё знаходзіцца не ва ўласных руках, а цалкам - у Божых. Хрысціянін вучыцца хадзіць не па сваіх, а па Гасподніх шляхах, каб рабіць справы добрыя і цудоўныя. І хрысціянін - у адрозненні ад філантропа - робіць тыя добрыя справы, якія Гасподзь падрыхтаваў ў ягонай гісторыі. Гэта значыць робіць справы па Волі Божай. Для кагосьці гэта можа быць нараджэнне шостага або сёмага дзіцяці, любоў да мужа-п'яніцы або сварлівай жонкі. Немагчымае становіцца магчымым з Богам!

Біблія шмат кажа пра блуд - азнаку гэтага свету. Святар падкрэсліў, што блуд - гэта не толькі сэксуальныя грахі. А гэта здрада Богу, здрада любові, абвешчанай на крыжы.

- Быць святым - гэта не значыць не грашыць, а значыць быць чалавекам, які адкрыў сваё сэрца Езусу, і Дух Святы напоўніў яго, дапамагаючы шукаць і прытрымлівацца Волі Божай, несці свой крыж. І памятайце, - заклікаў святар, - мы ўсе на гэтай зямлі пілігрымы. Пілігрымы на шляху да Царства Нябеснага.

Last modified onПанядзелак, 18 Лістапад 2013 10:33
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.