Logo
Print this page

Па галоўнай вуліцы Гомеля католікі правялі працэсію Божага Цела [фота]

Езус асвячае нашы дамы, месцы працы і заклікае: "Прыйдзіце да мяне, усе струджаныя і прыгнечаныя".

У нядзелю, 18 чэрвеня, каталіцкія вернікі Гомеля правялі традыцыйную працэсію Божага Цела. Напярэдадні, 15 чэрвеня, у Каталіцкай царкве адзначалі свята Цела і Крыві Хрыстовых.

Шэсце з Найсвяцейшым Сакрамэнтам (Целам Ісуса Хрыста) з удзелам каля 200 чалавек прайшло ад касцёла да Дома міласэрнасці сясцёр Маці Тэрэзы па вуліцы Савецкай. Працэсія Божага Цела - гэта ўрачыстае шэсце з Найсвяцейшым Сакрамэнтам па вуліцах населенага пункта, якое праводзіцца, каб дабраславіць горад, нагадаць пра ахвяру Хрыста і засведчыць аб сваёй веры.

- Ісус асвячае нашы дамы, месцы працы і заклікае: «Прыйдзіце да мяне, усе струджаныя і прыгнечаныя, і Я супакою вас», - сказаў біскуп Казімір Велікаселец, які ўзначаліў шэсце.

Працэсія спявала, слухала чытанні з Евангелля і малілася за горад, за краіну, за ўвесь свет, за дамы і працоўныя месцы, за тое, каб Гасподзь бярог ад голаду і вайны. Па дарозе дзяўчынкі абсыпалі пялёсткамі кветак дарогу для Езуса, прысутнага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце пад выглядам хлеба.

Нагадаем, нядаўна тысячы католікаў прайшлі ў працэсіі Божага Цела па цэнтры Мінска.

Last modified onНядзеля, 18 Чэрвень 2017 16:36
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.