Logo
Print this page

Гамяльчанін цудам выздаравеў ад смяротнай хваробы: «Мяне ўратаваў Бог»

Мікалай быў бяздомным, яму патрабавалася перасадка сэрца, лекары давалі паўгода жыцця.

Незвычайная гісторыя жыцця ў 50-гадовага Мікалая. Жыцця цяжкага і, здавалася, беспрасветнага. Але калі ў яго ўвайшоў Бог, гамяльчанін не толькі не памёр, але і вярнуўся да паўнавартаснага ва ўсіх сэнсах жыцця.

- Я быў жанаты, працаваў на тралейбусе, але потым з-за п'янкі разышоўся з жонкай, страціў працу, пачаў бамжаваць. Далей - міліцыя, суд, турма. Калі выйшаў з зоны, ісці было няма куды, застаўся жыць на вуліцы. Піў страшна, па-чорнаму. І неяк пасля чарговай п'янкі пачаў апухаць, задыхацца. «Хуткая» прывезла ў шпіталь - аказалася, пасадзіў сэрца. Адразу паставілі дыягназ «ішэмічная хвароба сэрца». З лякарні выйшаў зноў на вуліцу, спаў дзе прыйдзецца, а жыццё бяздомнага такое, што не вып'еш - ня заснеш. У рэшце рэшт зноў напіўся і мяне наогул раздула, забралі ў кардыялогію. Я нават не мог рухацца, мне забаранілі хадзіць, я працягваў задыхацца. Памятаю, неяк дапоўз да падваконніка і пачаў маліцца. Гэта была не просьба, а крык душы: «Госпадзе, або забяры мяне, або адпусці гэтую хваробу». І ўжо тады мне стала лягчэй, - распавядае гамяльчанін Katolik.life.

Але калі Мікалая выпісвалі з лякарні, ён прайшоў УГД, пасля якога лекар сказала: «Усе. Тваё сэрца амаль не працуе, яно вісіць як мех». Таксама ў мужчыны выявілі цыроз пячонкі:

- Я спытаў, колькі мне засталося, лекар сказала, што ў тым выпадку, калі я не буду піць і буду прымаць лекі, то, магчыма, максімум працягну паўгода. Трэба рабіць аперацыю, а лепш - перасадку сэрца. Але на гэта я не меў шанцаў - я быў бяздомным без пашпарта.

«Як трапіў у касцёл? Зайшоў п'яны пагрэцца».

Тады, у 2013 годзе, Мікалая выпісалі з букетам дыягназаў: дылатацыйная кардыяміяпатыя, недастатковасць АоК 1-й ступені, МК 4-й ступені, анеўрызма міжпрадсэрнай перагародкі, ІХС, атэрасклератычны кардыясклероз, параксізм сінусовай тахікардыі, хранічная сардэчная недастатковасць, асцыт, анасарка...

І аднойчы мужчына трапіў у каталіцкі храм у Гомелі. Мікалай добра памятае, як першы раз апынуўся ў касцёле:

- Узімку я ішоў паддаты па вуліцы і вырашыў зайсці пагрэцца. Мяне не прагналі, але я заснуў у храме. Потым нехта разбудзіў і я пайшоў далей. На наступны дзень сітуацыя паўтарылася, хоць тады я быў не моцна п'яны, але зноў заснуў. А на трэці дзень я ішоў міма касцёла цвярозы і думаў, чаму я прыходзіў туды ўчора, што я там хацеў? І тады зразумеў: мне трэба ісці да Бога.

Мікалай кінуў піць, але яшчэ працягваў жыць на вуліцы. Побач пад плотам іншыя бяздомныя ўжывалі спіртное, а ён - малако. Неяк мужчына падышоў да сясцёр ордэна Маці Тэрэзы і папрасіўся ў іх Дом міласэрнасці. Мікалая прынялі і так пачалася яго новае жыццё.

«Лекар кажа, маю гісторыю хваробы трэба паказваць студэнтам»

- Яшчэ мне вельмі дапамог Будслаў. Калі першы раз ў 2014 годзе я прыехаў на фэст у гонар Маці Божай, я поўз да абраза на каленях і плакаў. Я маліўся і дзякаваў за дапамогу. Ужо тады здароўе прыкметна палепшылася і цяпер працягвае паляпшацца. Вядома, я ўдзячны лекарам, але якая можа быць іх заслуга ў маім вылячэнні, калі яны самі давалі мне паўгода жыцця? Мяне ўратаваў сам Бог, навяртанне да Яго, вера, давер Богу, - упэўнены ён.

Пры першым паступленні ў бальніцу Мікалаю свяціла другая непрацоўная група інваліднасці, але тады ў яго не было пашпарта. Калі дакумент дапамаглі аднавіць сёстры Маці Тэрэзы і мужчына прайшоў камісію, яму далі ўжо трэцюю працоўную групу. Праз нейкі час ён змог пакінуць Дом міласэрнасці, уладкаваўся на працу ў домакіраўніцтва дворнікам, атрымаў пакой у інтэрнаце.

Кожны год Мікалай па-ранейшаму кладзецца на абследаванне ў лякарню, але кажа, што адчувае сябе выдатна, без цяжкасці выконвае фізічную працу, ездзіць на ровары.

- Фіброзы сэрца сышлі, ніякая аперацыя ўжо не патрабуецца. Загадчыца аддзялення мне казала: «Я не разумею, як вы выздаравелі. Вашу гісторыю хваробы трэба паказваць студэнтам у якасці прыклада». Я ж ёй проста паказваў на Біблію.

Мікалай і цяпер імкнецца не прапускаць свята ў Будславе і іншыя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай. Праз Панну Марыю ён працягвае дзякаваць Богу за сваё новае жыццё.

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.