Logo
Print this page

Пераемніца Маці Тэрэзы ў Гомелі: «Нясіце святло Езуса»

Генеральная настаяцельніца кангрэгацыі наведала Дом міласэрнасці і касцёл.

11-12 снежня 2017 г. Гомель наведвала Генеральная настаяцельніца кангрэгацыі «Місіянерак любові» (ордэна святой Маці Тэрэзы). Цяперашняя кіраўнік кангрэгацыі - сястра Марыя Прэма Перык, трэцяя Генеральная настаяцельніца і пераемніца Маці Тэрэзы - упершыню прыязджала ў Беларусь.

Уранку 12 снежня госця ўдзельнічала ў раратняй святой Імшы і пазнаёмілася з мясцовай парафіяй. Нагадаем, за дзень да прыезду ў Гомель Генеральная настаяцельніца наведвала дамы кангрэгацыі ў Расіі. Як распавяла сястра ў інтэрв'ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, яе ўразіла Беларусь:

«Маім першым уражаннем было тое, што гэта вялікая краіна, я рада, што мы можам служыць тут, што тут нас любяць і добра прымаюць наша служэнне. Як у Расіі, так і ў Беларусі і ва ўсім свеце мы выконваем практычна аднолькавае служэнне, і я бачу, што тут у людзей ёсць жаданне, прага даведацца пра Бога, наблізіцца да Яго, і сёстры дапамагаюць гэта рабіць, больш любіць Бога».

У Гомелі сястра Прэма прабыла паўтара дні, яна прыязджала, каб пабыць разам з сёстрамі, паглядзець на іх працу. Амаль увесь гэты час Генеральная настаяцельніца праводзіла ў Доме міласэрнасці, каб удзяліць час кожнай з законніц, якія служаць тут. Пры ад'ездзе сястра Прэма пажадала мужнасці сёстрам і папрасіла, каб яны неслі святло Езуса, мелі яго ў сабе і перадавалі ўсім людзям, з якімі сустракаюцца.

Цяпер генеральная настаяцельніца зноў вяртаецца ў Расію, а затым - на Каляды - далучыцца да сясцёр у Літве. Падчас Адвэнту яна здзяйсняе паездкі па ўсіх 17 дамах міласэрнасці ордэна, якія ўваходзяць у правінцыю, што ўключае Расію, Беларусь і Літву.

Нагадаем, у гомельскім доме міласэрнасці - адзіным у Беларусі месцы знаходжання сясцёр Маці Тэрэзы - ужо больш за 20 гадоў служаць пяць-шэсць законніц з розных краін свету: Індыі, Польшчы, Філіпін. Тут кормяць і лечаць бедных і бяздомных, дапамагаюць праблемным і шматдзетным сем’ям.

У апошні раз генеральная настаяцельніца ордэна, тады - сястра Нірмала, прыязджала ў Гомель у 2000 годзе. 64-гадовая немка Марыя Прэма Перык - трэцяя генеральная настаяцельніца ордэна пасля святой Маці Тэрэзы і сястры Нірмалы Джошы з Індыі. Падчас наведвання Маці Тэрэзай Ватыкана сястра Прэма дапамагала ёй у якасці перакладчыка.

Кангрэгацыя сясцёр «Місіянерак любові» была заснавана Маці Тэрэзай ў 1948 годзе ў Калькуце, Індыя. Мэтай яе заснавання стала дабрачынная дзейнасць сярод абяздоленых жыхароў Калькуты незалежна ад іх веравызнання і нацыянальнасці. Законніцы кангрэгацыі прыносяць чатыры абеты: паслушэнства, міласэрнасці, беднасці і служэння найбяднейшым з бедных. Паводле статуту, напісанаму Маці Тэрэзай, яны павінны жыць, падобна іх падапечным, у дасканалай галечы.

Last modified onАўторак, 12 Снежань 2017 12:56
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.