Logo
Print this page

Сімвал Раства Хрыстова перайшоў ад католікаў да праваслаўных - ФОТА

Гэта падзея стала знакавай у гісторыі міжканфесійных адносін.

Напярэдадні Раства Хрыстова, якое праваслаўныя вернікі святкуюць 7 студзеня, у Свята-Петра-Паўлаўскі кафедральны сабор Гомеля быў дастаўлены агонь з Бэтлеема - месца зямнога Нараджэння Езуса Хрыста. Гэту падзею можна назваць знакавай у гісторыі міжканфесійных адносін не толькі Гомеля, але і ўсёй Беларусі, паколькі ўпершыню адбылася перадача сімвала Раства праваслаўным ад католікаў, якія адзначалі свята раней - 25 снежня. Да гэтага дня Бэтлеемскі агонь даставілі ў Гомель каталіцкія скаўты. Яны ж і перадалі сімвал Раства праваслаўным вернікам.

Гэта адбылося ўвечары 6 студзеня, калі ў Праваслаўнай царкве адзначалі Калядную куццю, а ў Каталіцкай - Аб'яўленне Пана і вячэрню Хросту Пана. У саборы пачыналася ўсяночнае чуванне напярэдадні Божага Нараджэння. Ля брамаў храма дзяўчат-скаўтак, якія шэсцем прайшлі да галоўнага праваслаўнага храма Гомеля, сустракаў епіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан у суправаджэнні духавенства і свецкіх вернікаў. Правялебны Стэфан запаліў свечкі ад лампады скаўтаў і ўрачыста унёс Бэтлеемскі агонь у сабор, а скаўтаў павіншаваў з Раством і перадаў салодкія падарункі, паведамляе Katolik.life.

У той жа святочны вечар агонь з Бэтлеема скаўты прывезлі ў Спаса-Праабражэнскі храм Гомеля. Настаяцель - протаіерэй Алег Кастрама, старшыня Інфармацыйнага аддзела Гомельскай епархіі запрасіў скаўтаў у храм, падзякаваў ім, пажадаў здароўя і моцы духу.

- Дзякуючы такім праектам становіцца відавочна: усё роўна хто ты, якое месца займаеш у грамадстве, католік ты ці праваслаўны, але любоў Хрыста павінна жыць у нашых сэрцах і аб'ядноўваць усіх нас, - сказаў айцец Алег.

Затым гасцей запрасілі на чаяванне, падчас якога, за агульным сталом, сагрэліся не толькі целы, але і душы праваслаўнай і каталіцкай моладзі.

- Нам вельмі прыемна дзяліцца радасцю з нашымі братамі-праваслаўнымі, якія святкуюць Божае Нараджэнне, - адзначыў пробашч гомельскай рымска-каталіцкай парафіі айцец Юры Варанко. - Нам вельмі радасна, што мы змаглі перадаць гэты сімвал Раства, які нагадвае нам пра любоў Езуса Хрыста, якая аб'ядноўвае ўсіх нас.

Last modified onПанядзелак, 08 Студзень 2018 14:26
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.