Logo
Print this page

На Вербніцу ў Гомелі ўпершыню пройдзе кірмаш майстроў і рамеснікаў

Набыць атрыбуты Пальмавай нядзелі і Вялікадня можна будзе 25 сакавіка ў двары касцёла.

25 сакавіка, калі католікі будуць адзначаць Пальмавую (Вербную) нядзелю на тэрыторыі касцёла ў Гомелі (вул. Савецкая, 118) адбудзецца святочны кірмаш, якую арганізуе Беларуская гільдыя майстроў і рамеснікаў. Кірмаш у двары касцёла пройдзе ўпершыню, з такой ініцыятывай выступілі самі майстры і рамеснікі.

- Мы нядаўна прыехалі з Вільні, дзе прымалі ўдзел у кірмашы Казюкаса. І так натхніліся, што вырашылі арганізаваць нешта падобнае і ў нас. Хоць такой традыцыі ў Гомелі пакуль няма, але ж у кірмашы на свята няма нічога заганнага. Пробашч касцёла з гэтым пагадзіўся. Кожнага майстра запросім ахвяраваць адну са сваіх работ, і атрыманыя грошы ад яе рэалізацыі перадаць на развіццё парафіі, - распавяла Katolik.life старшыня ГА «БГМіР» Святлана Гаўрыльчык.

Плануецца, што на кірмашы можна будзе купіць вырабы ручной работы - атрыбуты Вербніцы і Вялікадня, напрыклад, кошыкі, вянкі, свечкі. Прадукцыі, якая мае паганскую накіраванасць, на кірмашы ў двары касцёла, вядома, не будзе.

Дарэчы, пры добрым надвор'і плануецца арганізацыя майстар-класаў для дзяцей. ГА «БГМіР» мае намер правесці аналагічны кірмаш і пры праваслаўных храмах - цяпер арганізатары чакаюць атрымання дазволу.

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.