BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Дзецям сёння цяжэй уявіць сваю будучыню

Пантыфік адзначыў, што менавіта ў сям’і дзеці вучацца браць на сябе адказнасць за свае будучыя сем’і.

Ролі і месцу дзяцей у сям’і прысвяціў сваю катэхезу падчас агульнай аўдыенцыі 11 лютага 2015 г. Святы Айцец Францішак. Яна стала працягам яго папярэдніх разважанняў пра ролю маці і бацькі. Пантыфік прызнаўся, што натхненнем для катэхезы сталі словы з Кнігі прарока Ісаі: “Твае сыны здалёку прыходзяць, а дочкі твае несены на руках. Тады ўбачыш і заяснееш, і затрасецца сэрца тваё, і расшырыцца” (60,4-5a). На думку Папы, гэта прыгожы вобраз шчасця, якое рэалізуецца ва ўз’яднанні паміж бацькамі і дзецьмі, “што крочуць разам да будучыні свабоды і міру пасля доўгага часу выпрабаванняў і падзелу”, цытуе radiovaticana.va.

Францішак перакананы, што “ёсць цесная сувязь паміж надзеяй народа і гармоніяй паміж пакаленнямі”. “Радасць дзяцей павінна прымушаць трапятаць сэрцы бацькоў і адкрываць будучыню. Дзеці – гэта радасць сям’і і грамадства. Яны – гэта не праблема рэпрадуктыўнай біялогіі або аднаго з многіх шляхоў яе рэалізацыі. Тым больш, яны не з’яўляюцца ўласнасцю бацькоў. Дзеці – гэта дар. (...) Унікальны і непаўторны. І ў той жа час, беспамылкова прывязаны да сваіх каранёў. Быць сынам або дачкой, у адпаведнасці з Божым планам, значыць несці ў сабе памяць і надзею любові, якая рэалізавала сябе даючы жыццё іншай чалавечай істоце, непаўторнай і новай”, - сказаў Пантыфік.

Глыбіня досведу быцця сынам і дачкой дазваляе адкрыць “вымярэнне больш свабоднай любові”, - лічыць Папа. Ён назваў цудоўным пачуццём, калі цябе любяць перш, чым ты зрабіў нешта, як гэта адбываецца ў выпадку бацькоў і дзяцей. “Быццё дзецьмі з’яўляецца асноўнай умовай для спазнання любові Бога – асноўнай крыніцы гэтага сапраўднага цуду. У душы кожнага дзіцяці, настолькі ўразлівай, Бог застаўляе пячатку гэтай любові, якая з’яўляецца асновай яго асабістай годнасці, годнасці, якую ніхто і нішто не можа разбурыць”, - адзначыў Папа.

Францішак адзначыў, што сёння дзецям нашмат цяжэй уявіць сваю будучыню. Дзеці сталі больш нявызначанымі ў прыняцці рашэнняў, лічыць ён. Дапамагчы ім могуць добрыя і правільныя адносіны з бацькамі, мадэллю для якіх з’яўляюцца адносіны Бога да нас – Ён вызваляе кожнага з нас, але ніколі не пакідае самотнымі, “і калі мы пацерпім няўдачу, працягвае ісці за намі, цярпліва, не змяншаючы сваёй любові да нас”. Дзеці ніколі не павінны баяцца абавязацельстваў па стварэнні новага свету – лепшага, чым той, які яны атрымалі. “Але гэта павінна быць зроблена без пыхі, без саманадзейнасці”, - сказаў Папа.

Пантыфік нагадаў Чацвёртую запаведзь пра шанаванне бацькі і маці. “Гэтая запаведзь з’яўляецца адразу пасля тых, якія тычацца самаго Бога. (...) На самой справе, яна заключае ў сабе нешта святое, нешта Божае, нешта, што знаходзіцца ў корані любога іншага віду павагі паміж людзьмі. І ў біблійнай фармулёўцы чацвёртая запаведзь мае працяг: “каб быць даўгавечным на зямлі, якую дасць табе Пан, Бог твой”. Дабрадзейная сувязь пакаленняў з’яўляецца закладам будучыні і гарантыяй сапраўды гуманнай гісторыі.

Грамадства дзяцей, якія не шануюць сваіх бацькоў, з’яўляецца грамадствам без павагі – калі няма павагі да бацькоў губляецца павага да сябе! Гэта грамадства якому наканавана мець моладзь бяздушную і прагную. Таксама грамадства з пакаленнем, якое не любіць дзяцей, якіх лічыць проста прычынай клопатаў, цяжарам, рызыкай, з’яўляецца грамадствам падаўленым”, - сказаў Францішак.

Пантыфік адзначыў, што менавіта ў сям’і дзеці вучацца браць на сябе адказнасць за свае будучыя сем’і, фарміруюцца ва ўменні абмену сваімі якасцямі, растуць ва ўдзячнасці за атрыманыя дары.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Францішак звярнуўся з малітвай да Хрыста, каб ён дапамог знайсці шлях новай рэалізацыі досведу быцця дзецьмі, “кідаючы выклік забабонам, і жывучы ў веры і дасканалай радасці”.

Last modified onСерада, 11 Люты 2015 16:32
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць