BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды
Print this page

Неўмеркаванасць у ежы і піцці: у якіх выпадках харчаванне становіцца грахом?

Заадно разбярэмся, чаму людзі таўсцеюць, як гэтаму супрацьстаяць і навошта трымаць пост.

Неўмеркаванасць у ежы і піцці - састарэлыя словы, якiя сёння рэдка пачуеш. А гэта адзін з сямі смяротных грахоў. Сёння паспрабуем выявiць гэты "састарэлы" грэх у сучасным свеце.

Кожны жывы арганізм мае патрэбу ў ежы. Звычайна ён ужывае столькі ежы, колькі яму патрабуецца. І толькі чалавек - адзіная істота, якая можа нерацыянальна пераядаць.

Задавальненне патрэб ў ядзе і піццi з'яўляецца жыццёвай неабходнасцю. Служыць натуральным спосабам падтрымання нашых арганічных функцый. З спрадвечных часоў гэта з'яўляецца і магчымасцю збліжэння людзей паміж сабой. Стол аб'ядноўвае людзей, падае ім не толькі ежу, але перш за ўсё стварае адзіную ў сваім родзе прастору, дзе мы можам сустрэцца і глыбей пазнаць адзін аднаго.

Прызнаваў гэта і Езус з Галілеі, які вельмі часта паказаны ў Евангеллях падчас прымання ежы. Менавіта ў такі момант Ён устанаўлівае Эўхарыстыю, якая з'яўляецца духоўнай ежай для людзей веруючых.

 

КУЛЬТ СПАЖЫВАННЯ І АРТАРЭКСIЯ

Здаецца, што ў цяперашні час пытанні, звязаныя з ежай і пітвом, з'яўляюцца першачарговымі ў чалавечым жыццi. Канцэрны, якія займаюцца масавай вытворчасцю прадуктаў харчавання, з дапамогай рэкламных кампаній, пачынаючы з самага дзяцінства, асляпляюць чалавека ілюзіяй шчасця, якое можна знайсці задавальненнем патрэбы ў ежы.

Штучнае накручванне гэтага элементарнага жадання і формаў яго задавальнення з'яўляецца прычынай разбурэння здароўя цэлых нацый. Праблема гэта датычыцца, у прыватнасці, развітых заходніх краін (перш за ўсё ЗША), дзе вынікам пераядання стала тое, што атлусценне можна заўважыць нават у маленькіх дзяцей. Прычынай залішняй вагі таксама з'яўляецца спатоленне голаду ў так званых кафэ хуткага харчавання (фаст-фуд) нездаровай, нашпігаванай хімічнымі элементамі, ежай, якая часцяком, у літаральным сэнсе, не прыдатная для харчавання. І чалавек папросту запіхвае яе ў сябе. Магчыма, па гэтай жа прычыне сёння можна назіраць і з'яўленне такой моднай тэндэнцыі, як ўжыванне так званай здаровай ежы, якая вырабляецца ў хатніх гаспадарках з выкарыстаннем натуральных метадаў. Можна таксама заўважыць пераход многіх людзей на вегетарыянства.

Нястрыманасць ў ежы і піццi часта прыводзіць да шматлікіх захворванняў, якія маюць свой пачатак у чалавечай псіхіцы. Сярод іх свой плён збіраюць анарэксія, булімія або алкагалізм. Апошні часта звязаны нават з фізічным болем.

Цяпер усё часцей сталі казаць аб новай псіхічнай хваробе, якая звязана з ежай. Гэта артарэксiя. Яна заснавана на своеасаблівым кульце ежы. Выяўляецца апантанасцю ў пытаннях кулінарнай чысціні і здаровага харчавання. Спачатку чалавек адмаўляецца ад пэўных прадуктаў. Потым пачынае рыхтаваць ежу толькі вызначаным спосабам. Прасцей кажучы, артарэксiк сам вырабляе і рыхтуе сабе ежу, каб любой цаной захаваць бездакорнае здароўе і падоўжыць сваё жыццё.

Прычына артарэксii крыецца ў празмерным клопаце пра здароўе. Паддаюцца ёй людзі эгацэнтрычныя і тыя, хто любым коштам імкнецца да дасканаласці.

 

ДАБРАДЗЕЙНАСЦЬ ПАМЯРКОЎНАСЦI І КУЛЬТУРЫ ХАРЧАВАННЯ

Можна з упэўненасцю сказаць, што празмерная ежа і пітво шкодзяць нам. Таму нам трэба ўмець сказаць сабе гучна і ўпэўнена: СТОП! Выхаванне такой дабрачыннасці як умеранасць ў ежы з'яўляецца выдатным рэцэптам для нашых пажыўна-кулінарных запалаў (Сір. 31:12). Адсутнасць умеранасці ў ежы і піццi вядзе да страты радасці сустрэчы за сталом, які павінен аб'ядноўваць, а не падзяляць.

Непарыўна з гэтым звязана пытанне культуры харчавання і цэнтральнай ролі прыёму ежы ў жыцці сям'і. Стол, як мы ўжо казалі, ёсць менавіта тая прастора, якая аб'ядноўвае людзей. У цяперашні час, на жаль, усё часцей сем'і адыходзяць ад агульных сямейных прыёмаў ежы. І трэба як мага хутчэй да іх вярнуцца. І можа быць, гэта будзе першым крокам да павышэння культуры ежы і пітва, каб ўмела выкарыстоўваць Божыя дары, да якіх адносіцца і ежа.

Важна таксама практыкаваць малітву перад і пасля ежы як хрысціянскую падзяку за вялікі дар хлеба. Калісьці, у нашых дамах цалавалі кавалак хлеба, калі той выпадкова падаў на зямлю. Іншым спосабам выказвання нашай павагі да Божых дароў быў знак крыжа, якi ажыццяўляўся над буханкай хлеба перш, чым яе разрэзаць. Сёння вельмі рэдка, на жаль, сустракаем падобныя жэсты. Гэта адбываецца галоўным чынам таму, што многія людзі (не толькі маладыя) ніколі не адчувалі сапраўдны голад.

 

УСВЕДАМЛЕННЕ ПАТРЭБЫ ІНШЫХ

Пост – гэта асаблівы час для хрысціянаў. Калi прытрымлiваемся яго, мы прыносім шматлікія ахвяры па рэлігійных меркаваннях. Сярод іх адно з галоўных месцаў займае ўстрыманне ад ежы і пітва. Пост толькі тады мае сэнс, калі Яго трымаемся па рэлігійных меркаваннях і ахвяруем Богу ў канкрэтнай інтэнцыі.

Таксама ў перыяд посту неабходна ўзрастаць ў нашай жывой веры ў Бога, што выяўляецца ў канкрэтных дзеяннях, асновай якіх з'яўляецца міласэрная любоў як хрысціянская "сукупнасць дасканаласці" (Кал. 3:12-17). У якасці такіх спраў можам праявіць ініцыятыву, накіраваную на задавальненне патрэбы ў ежы і піццi іншых людзей.

Любы адказны чалавек паводзіць сябе ў адпаведнасці з разуменнем маштабаў галечы і голаду ў свеце. У першую чаргу, мэтазгодным з'яўляецца клопат пра тых, хто жыве побач з намі. Ніколі не бывае недахопу тых, хто мае патрэбу. Па-другое, можна займацца тымі, якія церпяць патрэбу ў так званых краінах трэцяга свету, напрыклад праз фінансавую падтрымку розных дабрачынных місій. А таксама мы не павінны забываць і пра малітву.

 

ЛЮБОЎ - СРОДАК АД ГРАХУ

Грэх з'яўляецца актам супраць законаў Бога і волі нашага Творцы. На самой справе, гэта яшчэ і ўдар па сабе і іншым, які прыводзіць у выніку да матэрыялізацыі сябе і навакольных. Самым галоўным і найбольш важным законам ёсьць запаведзь любові да Бога і бліжняга. Мерай гэтай запаведзі ёсць любоў Езуса да сваіх вучняў, якімі, у рэшце рэшт, з'яўляемся і мы. Мы павінны любіць так, як Ён палюбіў нас (Ян 15:12). Сам Бог з'яўляецца пачаткам і канцом сапраўднай любові (1 Ян 4:7). Але калі дзесьцi няма любові, гэта маментальна стварае прастору, дзе пануе грэх. Гэта супрацьлегласць кахання. Гэта папросту яе адсутнасць. Гэта адсутнасць Бога.

Неўмеркаванасць у ядзе і піцці, без сумнення, з'яўляецца адным з праяў недахопу любові. Таму з'яўляецца грахом. Мы павінны ўзгадоўваць у сабе пачуццё голаду. Гэта павінна быць пачуццё духоўнага голаду па Богу і па Яго ўсёабдымнай любові да нас, дзякуючы

якой мы існуем. Тут не можа быць і гаворкі аб якой-небудзь форме абжорства. Мэтай ўсяго жыцця сапраўднага верніка з'яўляецца задавальненне гэтай унутранай патрэбы. Гэта будзе магчыма тады, калі мы назаўжды аб'яднаемся з славутым Госпадам, які перамог грэх, адарыў нас вечнасцю ў таямніцы Яго ўваскрасення. Ён ужо зараз запрашае нас на бясконцае свята ў Яго царстве, дзе - як глыбока ў гэта веру - насыцімся паўнатой Яго дароў, а асабліва паўнатой Яго любові.

Last modified onПанядзелак, 03 Чэрвень 2013 16:49