Logo
Версия для печати

Чаму мы не хочам чуць мову ў касцёле?

Адзіная заўвага, якую святары і вернікі з розных рэгіёнаў Беларусі выказвалі наконт новага гомельскага каталіцкага партала - мова. Чаму беларуская мова не з'яўляецца галоўнай на сайце? Адказ просты - бо яна не галоўная і ў нашым касцёле.

Але ніхто, думаю, не будзе спрачацца з тым, што афіцыйная мова Рыма-каталіцкай царквы ў Беларусі - менавіта беларуская. Гэта бясспрэчна для каталікоў з Мінскай вобласці, Заходняй і Паўночнай Беларусі, а вось у нашым, Усходнім рэгіёне, усё па-іншаму. Нават у тутэйшых вёсках мы не сустрэнем беларускамоўных жыхароў. Шматлікія фактары, што паўплывалі на сітуацыю, - блізасць Расіі, занядбанне мовы ў савецкі і цяперашні час, могуць быць нам апраўданнем. Так, мы ўсе гаворым па-руску, бо так сталася без нашага ўдзелу. Але змяніць сённяшнюю сітуацыю, прынамсі ў родным касцёле, мы можам.

Я ведаю, што нам цяжка чуць адзін аднаго, таму не разлічваю, што нехта прыслухаецца да майго меркавання. А прывяду ў прыклад нашага пробашча, якога глыбока паважаюць нават вернікі іншых канфесій і атэісты, а ўжо для нас, парафіянаў, ён бясспрэчны аўтарытэт. Дык вось, ён, паляк, які не ведаў ні слова па-беларуску, за кароткі час змог вывучыць з нуля нашу мову і цяпер часта размаўляе на ёй! Дык ці не сорамна нам? Тым, што нарадзіліся ці ўжо доўга жывуць у Беларусі? Але нам прасцей сказаць: «Не разумеем!» і прасіць размаўляць па-руску, не імкнуцца хоць трохі вучыць мову, якая робіць нас народам, беларусамі, аддаючы сябе ляноце - дарэчы, смяротнаму граху.

Так, мы навучыліся маліцца па-беларуску падчас Імшы - бо гэта закон Касцёла. Можам навучыцца і слухаць па-беларуску чытанні. Як памятаем, пробашч настойліва спрабаваў укараняць практыку чытання Слова Божага на беларускай мове, але... Толькі пяць-дзесяць беларускамоўных венікаў віталі гэта. Калі шчыра, мне сорамна на сваю парафію, калі чую ад іншых каталікоў такое здзіўленне: «У вас чытанні па-руску заўсёды? Дык, можа ў вас не касцёл, а нешта іншае?»

Шкада, што і праз сто год пасля нашых класікаў па-ранейшаму даводзіцца заклікаць беларусаў быць беларусамі. І галоўнай мовай нашага парталу пакідаем пакуль рускую - бо пачуць, зразумець і перадаць Дабравесце Хрыста, безумоўна, куды больш важна за моўныя пытанні. Але ж веру, што зможам і мы быць не проста каталікамі, а беларускімі каталікі. Упэўнены, Бог гэтага хоча.

Последнее изменениеПонедельник, 27 октября 2014 11:35
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.