Logo
Версия для печати

Папа: христианство - это не красивые идеи и храмы, но свидетельство

Хрысціянін, які не дае сведчання – не прыносіць плёнаў, сцвердзіў папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 6 мая 2014 г.

У сваёй гаміліі Пантыфік звярнуў увагу на прыклад мучаніцтва св. Стэфана. Папа адзначыў, што ён прайшоў шлях падобны на шлях яго Настаўніка: таксама сустрэўся з зайздрасцю тых, хто меў уладу, супраць яго таксама выступалі фальшывыя сведкі, а рашэнне аб яго пакаранні таксама прымалася ў спешцы. Стэфан папярэджваў сваіх забойцаў аб тым, што супрацьстаяць Святому Духу, але “гэты народ”, на думку Папы, не чуў яго, бо меў у сэрцы толькі нянавісць, пасеяную сатаной.

У мучаніцтве, паводле Пантыфіка, відавочна “барацьба паміж Богам і сатаной”. З іншага боку Хрыстус заклікаў вучняў радавацца перад абліччам пераследу за Яго імя: “Пераслед, мучаніцтва, адданне жыцця за Езуса – гэта адно з благаслаўленняў”, - нагадаў Папа. “Мучаніцтва” – гэта пераклад грэчаскага слова, якое азначае таксама “сведчанне”(…). Нельга зразумець хрысціяніна, калі ён не з’яўляецца сведкам, не дае сведчання. Мы не з’яўляемся носьбітамі “рэлігіі ідэй”, чыстай тэалогіі, цудоўных рэчаў, запаведзяў. Не, мы з’яўляемся народам, які ідзе за Езусам Хрыстом і дае сведчанне (…) і гэта сведчанне часам даходзіць да аддання жыцця”, - падкрэсліў Папа.

Францішак адзначыў, што пасля забойства св. Стэфана, выбухнуў жорсткі пераслед хрысціянскай супольнасці ў Ерузалеме. Многія вернікі пачалі ўцякаць у іншыя мясцовасці і сведчанне пашыралася. Так пачалася “місія Касцёла” – многія слухалі гэтых людзей і навярталіся, падкрэсліў Пантыфік і дадаў, што сваім сведчаннем яны “прапаведвалі веру”. “Сведчанне, якое даецца ў штодзённым жыцці, у цяжкасцях, падчас пераследу, смерці – заўсёды плённае. Касцёл плённы і з’яўляецца Маці, калі сведчыць пра Езуса Хрыста. Але калі Касцёл закрываецца ў самім сабе, калі лічыць сябе “рэлігійным універсітэтам” са шматлікімі цудоўнымі ідэямі, храмамі, музеямі, цудоўнымі рэчамі і не дае сведчання – становіцца бясплённым. Тое самае і з хрысціянамі. Хрысціянін, які не дае сведчання, застаецца бясплённым, не дае жыцця атрыманага ад Езуса Хрыста”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што хрысціянскае сведчанне немагчыма без дапамогі Святога Духа. Таму, у моманты калі вернікі павінны выбраць правільны шлях, адмовіцца ад чагосьці – павінны маліцца да Святога Духа, каб умацаваў і накіраваў на шлях сведчання.

Ватыканскае радыё

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.