Logo
Print this page

Як здаюць сесію сучасныя першакурснікі :))

Пасля майго аповеду пачуў адказ: што за трызненне вы несяце? Ну добра, давайце залікоўку.

Калі залікі ўжо здадзены, а наперадзе засталася толькі сесія, прыйшоў час расказаць, як я ўсё здаваў. Усё пачалося з конкурсу «Першакурснік». Прызнаюся, я чалавек трохі са дзівацтвамі, таму мяне прынялі адразу. Мяне вызначылі ў акцёрскую групу. Я іграў ролю вядучага і пастараўся, каб мяне запомнілі. Скачучы па ўсёй сцэне і гаворачы голасам Малахава, я спрабаваў паказаць, што я магу і не ведаць прадмет, затое ў мяне шмат іншых талентаў.

Калі «пяршак» скончыўся, настаў час залікаў. Гісторыю сусветнай эканомікі я здаў на адным дыханні, сацыялогію і беларускую таксама. Праблемы пачаліся з фізкультуры. Справа ў тым, што я не наведаў ні аднаго занятку за семестр, а тут залік на злобу дня. Такім чынам, я быў апошнім у чарзе на залік па фізкультуры. Хтосьці ўжо атрымаў залік, бо не прапускаў ні воднага занятку, а хтосьці вяртаўся ў смутку, і казаў што Пал Палыч (наш выкладчык фізкультуры, які абяцаў выставіць залікі па «першакурсніку») не прыйшоў. Нарэшце, надышла чарга і мне. Я пачаў маліцца. І раптам з'явіўся Пал Палыч, які, вядома, вылаяў мяне за тое, што я палю прама пад вокнамі корпуса, але залік паставіў.

Наступнай на чарзе была вышэйшая матэматыка. Я не любіў матэматыку яшчэ са школы, але Бог паслаў мне аднаго чалавека. Гэта быў мой аднагрупнік, які займаўся са мной матанам за тое, што я вучыў яго пікапіць дзяўчат (прызнаюся, у маёй асобе ён знайшоў кепскага дарадцу). Мы сустракаліся з ім кожную раніцу ў бібліятэцы, і ён вучыў мяне матану. У рэшце-рэшт, я здаў, прыйшоўшы на залік за 15 хвілін да канца, і вырашыўшы ўсе заданні за 10 хвілін. Выкладчык быў у шоку.

Такім чынам, застаўся апошні залік. Англійская мова. Гэта было сапраўднае пекла, але я ведаў, што калі-небудзь здам і яго. Яшчэ за месяц да здачы я пачаў успамінаць Ісуса, Буду і Крышну, так як што-што, а англійскую я ведаў на 0. Калі падышоў час трэцяй пераздачы, я тры разы прачытаў «Ойча Наш», і два разы «Вітай, Марыя!», а таксама памаліўся святому Аўгустыну, Ігнацію Лаёлу і Фаме Аквінскаму. У маёй галаве з'явілася музыка Джымі Хендрыкса, і калі падышла мая чарга, і я расказаў тое, што рыхтаваў, пачуў у адказ: Каржанеўскі, што за трызненне вы несяце? Ну добра, давайце залікоўку.

Інакш як Божым Провідам гэта не назавеш. Я вельмі рады, што так атрымалася, і паабяцаў Богу, што надалей буду заўсёды пра Яго думаць.

Last modified onАўторак, 06 Студзень 2015 11:39
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.