Папа на пачатак посту: просіце пра дар слёз
- Written by katolik-gomel.by
- Published in Папа Францішак
- Add new comment
“Крывадушнікі не ўмеюць плакаць, яны забыліся, што гэта значыць, і не моляцца за тое, каб Бог паслаў ім слёзы".
Хай “дар слёз” зробіць нашу малітву і шлях навяртання да Бога больш праўдзівымі і свабоднымі ад крывадушнасці. З такім пасланнем звярнуўся да вернікаў папа Францішак 18 лютага 2015 г. вечарам падчас св. Імшы ў рымскай базыліцы св. Сабіны. У Папяльцовую сераду – дзень, калі ў Каталіцкім Касцёле распачынаецца перыяд Вялікага посту – Святы Айцец казаў аб тым, што ў гэты час мы імкнемся да “больш цеснай” сувязі з Езусам, імкнемся наблізіцца да таямніцы Яго пакут і ўваскрасення.
Папа спаслаўся на словы прарок Ёэля, які заклікаў, каб малітва святароў суправаджалася слёзамі. “Было б добра, калі б кожны з нас, але асабліва мы, святары, пачынаючы пост, папраcілі паслаць нам дар слёз, які зробіць нашу малітву і наш шлях навяртання больш праўдзівым і свабодным ад крывадушнасці. Было б добра задацца пытаннем: “Ці плачу я? Ці плача Папа? Ці плачуць кардыналы? Біскупы? Вернікі? Святары? Ці ёсць у нашых малітвах плач?”, - сказаў Францішак у сваёй гаміліі.
Па словах Папы, крывадушнасць псуе справы міласэрнасці: міласціну, малітву і пост. “Крывадушнікі не ўмеюць плакаць, яны забыліся, што гэта значыць, і не моляцца за тое, каб Бог паслаў ім слёзы. Калі мы здзяйсняем добрыя справы, у нас амаль інстынктыўна нараджаецца жаданне, каб нас ацанілі і намі захапляліся. Езус вучыць рабіць добрыя справы без хвальбы, спадзеючыся толькі на тое, што іх ацэніць Бог, які “ўсё бачыць”, - сказаў ён.
Пантыфік дадаў, што чалавек – “стварэнне абмежаванае”, грэшнае, якое патрабуе каяння і навяртання да Бога. Навярнуцца да Бога “усім сэрцам”, значыць “ступіць на шлях не павярхоўнага ператварэння, а на духоўны шлях, пракладзены ў сэрцы чалавека, там, дзе засяроджаны яго пачуцці і адносіны, там, дзе ён робіць выбар”. Францішак запрасіў усіх хаця б на хвіліну спыніцца і прымірыцца з Богам, вярнуцца да Яго з новым сэрцам, ачышчаным ад зла. Ён заклікаў усіх пражыць Вялікі пост з “надзеяй і радасцю”, так, каб “яго вонкаваму выкананню адпавядала глыбокае духоўнае абнаўленне”.
Related items
- Папа Рымскі прыняў у Ватыкане шамана – той папрасіў аб дапамозе
- «Уразіла міласэрнасць». Што здзівіла ў Беларусі самотнага пілігрыма пасля Кітая і ЗША
- Новага біскупа ў Беларусі прызначыў Папа Рымскі на незвычайную пасаду
- Беларусы Вільні маліліся на роднай мове ля сусветна вядомага абраза
- З паходнямі і ў касцюмах: вуліцамі гарадоў Беларусі правялі Крыжовы шлях