Logo
Print this page

Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі прэзідэнта Microsoft

Плёнам супрацы стане сумесная міжнародная прэмія за пашырэнне этыкі ў галіне штучнага інтэлекту

Францішак прыняў на прыватнай аўдыенцыі прэзідэнта карпарацыі “Microsoft” Брэда Сміта. Яго суправаджаў арцыбіскуп Вінчэнца Палья, старшыня Папскай акадэміі жыцця.
 
Сустрэча прайшла 13 лютага 2019 г. у ватыканскім Доме св. Марты. Брэд Сміт пазнаёміў Папу з некаторымі ініцыятывамі, звязанымі з выкарыстаннем штучнага інтэлекту на службе агульнаму дабру і пераадолення “лічбавай няроўнасці”, якая працягвае існаваць на глабальным узроўні.

Святому Айцу быў прадстаўлены праект супрацоўніцтва паміж “Microsoft” і Папскай акадэміяй жыцця, плёнам якога стане сумесная міжнародная прэмія за пашырэнне этыкі ў галіне штучнага інтэлекту, паведаміў выконваючы абавязкі кіраўніка Залы Друку Апостальскай Сталіцы Алесандра Джызоці.

Варта нагадаць, што ў 2020 г. у Ватыкане плануецца канферэнцыя, прысвечаная штучнаму інтэлекту, якую рыхтуе Папская акадэмія жыцця. Сёлета, напрыканцы лютага, гэта ватыканская структура, правядзе семінар на тэму: “Робаэтыка: асобы, машыны, здароўе”.

Францішае не першы раз сустракаецца з сусветнымі лідэрамі ў сферы ІТ-тэхналогій. Раней ён прымаў у Ватыкане кіраўніка “Google” Эрыка Шміта, кіраўніка “Apple” Цімаці Кука, кіраўніка “Instagram” Кевіна Сістрома, кіраўніка “Facebook” Марка Цукенберга.

vaticannews.va/be

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.