BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

«Пад зямлёй адчула сябе шчаслівай». Беларуска працуе ў шахце і запрашае туды на Імшу

Падчас з'езду беларусаў-католікаў замежжа на глыбіні 135 метраў упершыню ў гісторыі будуць цэлебраваць святую Імшу па-беларуску. Гэта стала магчымым дзякуючы верніцы, якая ўладкавалася на працу ў шахту «Вялічка» пад Кракавам – яна распавяла, як гэта змяніла яе жыццё.

Супольнасць беларускіх католікаў у Варшаве паведаміла 24 красавіка пра незвычайную падзею, якая чакае ўдзельнікаў II з'езду беларусаў-католікаў замежжа. Падчас сустрэчы, якая пройдзе ў польскім Кракаве 24-26 траўня, адбудзецца святая Імша на беларускай мове ў саляной шахце «Вялічка» на глыбіні 135 метраў.

Для ўдзельнікаў форума правядуць экскурсію, а ў капліцы святога Яна Паўла ІІ, якая месціцца ў самой шахце, адбудзецца Эўхарыстыя. Таксама ў праграме знаёмствы, праца ў групах, абмеркаванне развіцця беларускіх душпастырстваў, супольная малітва і культурная праграма. Рэгістрацыя абавязковая, больш падрабязна пра сустрэчу – тут >

Katolik.life паразмаўляў з тым, дзякуючы каму адбудзецца ўнікальная падзея пад зямлёй. Гэта верніца з Мінска, якая цяпер жыве ў Польшчы, і нядаўна ўладкавалася на працу экскурсаводам у шахце.

Гэта сталася цудоўным чынам і перамяніла жыццё беларускі, якая пад зямлёй «адключаецца» ад вар'яцкага свету і адпачывае там душой:

«Я там шчаслівая. Я іду туды кожны дзень, каб атрымаць палёгку ад усяго, што навокал. Адчула там сябе чалавекам, а не проста эмігрантам, адчула, што Бог мяне любіць».

Аднак шлях да гэтага быў не просты, але цікавы:

«Я перажывала, што буду працаваць на фабрыцы ці ў краме, але вельмі не хацела, бо адчувала, што гэта не маё. Аднойчы да мяне прыехалі сябры, і мы пайшлі на экскурсію ў «Вялічку». Там я пабачыла розных гідаў, але самай лепшай у той момант была кітаянка. І я падумала, што гэта намёк: чаму кітаянка можа, а я не?»

На паверхні беларуска адразу стала гугліць вакансіі ў шахце. Іх не было, але праскочыла інфармацыя, што менавіта сёння апошні дзень, калі можна падаць заяўку на курс экскурсаводаў:

«І я паспела падаць. Потым было суразмоўе, вучоба на польскай мове. Я сустрэла на курсах яшчэ адну беларуску – настаўніцу, і ў выніку мы цяпер разам працуем у шахце».

Верніца патлумачыла, чаму стала адчуваць сябе там камфортна:

«Шмат спаткала прыязнасці, клопату, увагі, чалавечай падтрымкі. Людзей з розных кантынентаў! У Мінску я калісьці была гідам і вельмі пакутавала, калі падчас пандэміі спачатку зніклі замежнікі, а потым і многія іншыя. А цяпер Бог мне вярнуў і прафесію, і мовы, і людзей. Вывучаю соль зямлі і распавядаю пра яе людзям!»

Шахта «Вялічка» прыцягвае турыстаў з усяго свету тым, што гэта ўнікальны саляны лабірынт – славутасць матэрыяльнай культуры, унесеная ў першы спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Менавіта ў гэтым месцы чакаюць таксама беларускіх католікаў, якім кіраўніцтва шахты бясплатна прадаставіла капліцу для Імшы на роднай мове.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Last modified onПятніца, 26 Красавік 2024 12:11
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць