Logo
Print this page

Брэсцкія памежнікі правялі суботнік і пафарбавалі сцяну касцёла

Добраўпарадкаванне храма прайшло ў рамках акцыі БРСМ [фота]

На днях актывісты Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі правялі акцыю па добраўпарадкаванні каталіцкага касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў горадзе Высокае Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. Суботнік прайшоў у рамках раённага этапа рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Аднаўленне святынь Беларусі».

Валанцёры БРСМ з аддзялення пагранічнага кантролю «Высока - Літоўск» Брэсцкай памежнай групы і з 6-ай памежнай заставы «Токары» ўзяліся за інвентар і аказалі дапамогу ў добраўпарадкаванні прылеглай да касцёла тэрыторыі. Праца была праведзена вялікая: было загрунтавана і пафарбавана прыкладна 100 метраў каменнага плота, паведамляецца на старонцы Моладзь Камянца|БРСМ у сацсетцы.

- Мэта акцыі - знаёмства моладзі з духоўнай і культурнай спадчынай Беларусі, выхаванне і развіццё ў маладога пакалення духоўна-маральных каштоўнасцяў, - гаворыцца ў паведамленні.

Хочацца спадзявацца, дадаюць арганізатары, што аказанне дапамогі па аднаўленні святынь Беларусі стане для моладзі не адзінкавым знакам увагі, а добрай традыцыяй! Духоўная прыгажосць бясконца цудоўнейшая за ўсе іншыя!

Гэта ўжо далёка не першы выпадак, калі актывісты БРСМ - паслядоўнікі савецкага атэістычнага камсамола, які змагаўся з рэлігіяй і ўдзельнічаў у разбурэнні храмаў - добраўпарадкоўваюць каталіцкія і праваслаўныя святыні. Дзякуй Богу!

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.