Logo
Print this page

Святара выклікалі ў СК: праводзяць праверку па яго выказваннях на Youtube-канале

Будзе прызначаная лінгвістычная экспертыза, распавёў ксёндз Вячаслаў Барок

Вядомы беларускі каталіцкі святар, блогер Вячаслаў Барок з гарадскога паселка Расоны Віцебскай вобласці 12 лістапада правёў амаль дзве гадзіны ў Следчым камітэце, куды яго выклікалі напярэдадні. Гэта адбылося як раз на парафіяльнае свята - урачыстасць святога Язафата Кунцэвіча, у гонар якога названа парафія, пробашчам якой з'яўляецца святар. Ксёндз Вячаслаў паведаміў, што яго запрасілі з мэтай даць тлумачэнні аб тым, што ён гаворыць на сваім Youtube-канале.

Як распавёў Katolik.life святар, будзе прызначаная лінгвістычная экспертыза па ягоных выказваннях у відэа-блогах, а таксама на старонцы ў Instagram. Вусна следчы яму сказаў, што ідзе праверка ў рамках артыкула 174 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса «Рашэнні, якія прымаюцца па заявах або паведамленнях аб злачынстве». Праверка можа завяршыцца узбуджэннем крымінальнай справы.

Апошнім часам на сваім Youtube-канале ксёндз Вячаслаў Барок уздымаў, у прыватнасці, такія тэмы: «Дакуль Бог будзе цярпець катаванні сілавікоў над беларусамі?», «Агрэсія - адкуль бярэцца? Што кажа пра яе Касцёл і Бог. Лёс агрэсараў», «Дыялог - найлепшы выхад з любога канфлікту».

Last modified onЧацвер, 12 Лістапад 2020 14:22
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.