Першы ў Беларусі касцёл святога Яна Паўла II пабудаваны ў Баранавічах
- Written by katolik-gomel.by
- Published in Царква
- Comments (1)
У святыню дастаўлена капсула з крывёю святога.
15 мая ў Баранавічах запланавана ўрачыстае асвячэнне і адкрыццё новай каталіцкай святыні, названай у гонар святога Яна Паўла II. Узначаліць урачыстасці біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка. Гэты касцёл - першы ў Беларусі названы імем святога Яна Паўла II, кананізаванага 27 красавіка 2014 года. Неўзабаве пасля гэтай падзеі, 31 мая 2014 года, у Баранавічах асвяцілі пляцоўку пад будаўніцтва касцёла. Такім чынам, невялікую святыню змаглі ўзвесці за год. Яна знаходзіцца ў новым мікрараёне Бараўкі, дзе актыўна працягваецца будоўля шматпавярховых дамоў і аб'ектаў інфраструктуры.
Атрыманы пляц з'яўляўся сельскагаспадарчай тэрыторыяй, таму падрыхтоўка дакументаў доўжылася каля двух гадоў. Будаваць святыню было цяжка, бо зямля тут балоцістая, але ўрэшце ўсё атрымалася. Нялёгкай была праца па фарміраванню парафію - абыходзілі пакватэрна новабудоўлі і шукалі католікаў, бо хацелі, каб новая святыня была пабудавана не толькі з цэглы, але і з чалавечых сэрцаў. Касцёл будавалі не толькі на ахвяраванні парафіянаў - далучаліся вернікі з усёй дыяцэзіі і іншых рэгіёнаў Беларусі, распавядае Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё пробашч парафіі кс. Віталь Міснікевіч:
«Праводзілі розныя акцыі. Калі штосьці ахвяраваў на будоўлю святыні, атрымоўваў сімвалічную цэглу. Дзякуем добраму Богу за тое, што нам атрымалася пабудаваць святыню. Вялікай радасцю з'яўляецца і тое, што мы атрымалі з рук былога сакратара папы Яна Паўла ІІ арцыбіскупа Кракаўскага кардынала Станіслава Дзівіша капсулу з крывёй святога Яна Паўла II», - адзначыў пробашч.
У свой час кардынал Казімір Свёнтэк прыкладаў намаганні да таго, каб папа Ян Павел II прыбыў у Беларусь. Хоць гэта і не атрымалася, на беларускай зямлі цяпер прысутнічае кроў святога і касцёл у ягоны гонар. Вернікі маюць надзею, што цяпер святы моліцца за Беларусь, прысутнічае тут духоўна, з'яўляецца яе заступнікам.
Related items
- Такі падарунак – толькі ад байкераў. Мотасезон яны адкрылі ў касцёле
- Пацалунак пад абразом і цягнік з адным вагонам – чым дзеліцца парафія ў глыбінцы
- «У парафіі 15-20 асоб». Мітрапаліт абвясціў акцыю па падтрымцы Касцёла на Магілёўшчыне
- Беларусы даказваюць у судах «польскія карані» – з дапамогай веры
- На «гучныя» службы ў касцёле паскардзіўся жыхар Смаргоні. Што яму адказалі?