Logo
Print this page

Кішэнны Новы Запавет па-беларуску выдалі накладам 30 тыс.

Гэтая кніга стала самым масавым Біблейскім выданнем за ўсю гісторыю.

«Новы Запавет» у кішэнным фармаце ў перакладзе на беларускую мову выдадзены накладам 30 тыс. асобнікаў. Кнігу выпусцілі «Гедэонавы браты», у выданні выкарыстаны пераклад Беларускай праваслаўнай царквы.

- Новенькі, маленькі Новы Запавет - самае масавае Біблейскае выданне за ўсю нашу гісторыю! 30 тыс. асобнікаў адным махам! І гэта ўжо шостае біблейскае выданне 2017 года! - піша ў Facebook хрысціянскі блогер Mikalai Malaščonak.

Бясплатна атрымаць кішэнны «Новы Запавет» па-беларуску можна ў прадстаўніцтве «Гедэонавых братоў» у Беларусі. У выданні адзначаецца, што яно выпушчана не для продажу.

Хрысціянская асацыяцыя «Гедэон» - гэта пратэстанцкая арганізацыя, дзейнасць якой заключаецца ў выданні Святога Пісання (пераважна Новага Запавету) у перакладзе, традыцыйным для той краіны, у якой ажыццяўляецца місія. Напрыклад, у Расіі «Гедэонавы браты» перавыдаюць самы традыцыйны Сінадальны пераклад.

- Наша мэта - гэта выданне Бібліі і данясенне Евангелля па ўсім свеце, каб кожны чалавек меў магчымасць спазнаць Госпада Ісуса Хрыста як свайго Збавіцеля. У супольнасці «Гедэона» служыць больш чым 300 тысяч сябраў і памочнікаў па ўсім свеце. Пачынаючы з 1908 года, па ўсім свеце былі распаўсюджаны 2 мільярды асобнікаў Біблій і Новых Запаветаў, - гаворыцца ў інфармацыі супольнасці.

Нагадаем, нядаўна Каталіцкая царква прадставіла свой варыянт Новага Запавету на беларускай мове - да 500-годдзя першай беларускай друкаванай кнігі, Бібліі Францішка Скарыны.

Media

Last modified onПанядзелак, 11 Снежань 2017 20:53
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.