Беларускія біскупы ў Ватыкане: «Папа марыць прыехаць у Беларусь»
- Written by Katolik.life
- Published in Царква
- Add new comment
Францішак ухваліў ідэю аб новых біскупах і новых дыяцэзіях у Беларусі.
1 лютага ў Ватыкане падчас візіту Ad limina Apostolorum прайшла сустрэча з Папам Рымскім Францішкам Канферэнцыі Каталіцкіх Беларусі, якая прыбыла да Пантыфіка ў поўным складзе. Размова за зачыненымі дзвярыма доўжыўся каля двух гадзін.
Як стала вядома, Папа Францішак гутарыў з беларускімі біскупамі аб структурных зменах у Касцёле ў Беларусі, нюансах беларускага заканадаўства, фармацыі будучых святароў і моладзі, а таксама магчымы візіт Пантыфіка ў Беларусь.
- Мы прывіталіся з Папам, потым селі вакол яго і тады ён папрасіў нас прадставіць сітуацыю Касцёла ў Беларусі. Я зрабіў гэта, пасля чаго адбыўся дыялог: Папа задаваў пытанні нам, потым мы задавалі пытанні яму. Яго найбольш цікавілі праблемы сям’і, выхавання моладзі, фармацыі святароў і кансэкраваных асобаў, адносіны з дзяржавай, з іншымі канфесіямі, асабліва з Праваслаўнай Царквой, - распавёў Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Паводле яго, Святы Айцец быў здзіўлены некаторымі праблемамі, у прыватнасці асаблівасцямі беларускага заканадаўства, якія патрабуюць, каб замежныя святары, якія прыбываюць у краіну, атрымлівалі дазвол на цэлебрацыю св. Імшы.
Іерарх распавёў, што Пантыфік вельмі станоўча выказаўся пра новых біскупаў і новыя дыяцэзіі ў Беларусі.
“Вядома, што Магілёў у гісторыі Каталіцкага Касцёла на нашых землях займаў вельмі важнае месца і сёння ён узгадваецца ў назве Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, але з гістарычнага пункту гледжання заслугоўвае таго, каб быць асобнай дыяцэзіяй. Пра гэта мы таксама казалі... Гродзенская дыяцэзія - вялікая. Таксама штосьці трэба думаць на гэты конт”, - адзначыў Мітрапаліт.
Паводле яго, з’яўленне рэгіянальных біскупаў у Гомелі і Магілёве, важны крок у станоўчым вырашэнні гэтага пытання.
Падчас сустрэчы беларускага епіскапату са Святым Айцом уздымалася тэма папскага падарожжа ў Беларусь.
“Папа сказаў так - у гэтым годзе гэта немагчыма, бо ўжо распісаны ўвесь графік візітаў, аднак, ён вельмі, вельмі хацеў бы прыехаць. Ён марыць аб тым, каб прыехаць у нашу краіну. Папа даў нам надзею, адносна таго, што, на маю думку, у блізкай будучыні прыедзе да нас. Ён сказаў: “Мне вельмі хацелася б прыехаць. Тое, як мы прадставілі Касцёл і тое, аб чым ён ведаў раней, вельмі яго зацікавіла”, - падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Беларускія біскупы распавялі Францішку пра моцную народную пабожнасць, дзякуючы якой вера была захавана і перададзена новым пакаленням. Яны расказалі пра доўгія чэргі да канфесіяналаў, якія ўзнікаюць у беларускіх касцёлах, асабліва ў перыяд Адвэнту і Вялікага посту.
Папу цікавіла праца Касцёла з моладдзю. Ён з вялікай радасцю ўспрыняў інфармацыю пра правядзенне моладзевых чуванняў, дыяцэзіяльных сустрэч, а таксама пра агульнабеларускую сустрэчу моладзі, якая сёлета пройдзе ў Гродне.
Related items
- Напярэдадні Вялікадня праваслаўны архіепіскап наведаў каталіцкі цэнтр у Гомелі
- Фэст у лясной капліцы з незвычайнай гісторыяй святкавалі капуцыны і пілігрымы
- «Бог даў нам адсутнасць паветранай трывогі». Пра Дзень дзіцяці ў Жытоміры распавёў біскуп
- Пад'ём у 3:30, маўчанне і ніякіх гаджэтаў. Адзіны ў свеце беларус камельдул наведаў родны горад
- «Пад зямлёй адчула сябе шчаслівай». Беларуска працуе ў шахце і запрашае туды на Імшу