Logo
Print this page

А што з 2 лістапада? Пытаюцца ва ўладаў і нагадваюць, што атэісты таксама памруць

У Апарат упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў дасланы новы зварот на тэму «Дзядоў».

Пасля адмоўнага адказу на калектыўны зварот беларусаў аб наданні статусу непрацоўнага дня 2 лістапада ініцыятар кампаніі каталіцкая верніца Алена Германовіч даслала новы зварот у Апарат упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. Прыводзім цалкам тэкст ліста ў адрас намесніка Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Алены Радчанка.

"Ад Вашага імя ў канцы снежня быў дасланы адказ грамадзянам Беларусі (больш за 1800 чалавек), якія падпісаліся ў падтрымку ініцыятывы зрабіць 1 ці 2 лістапада непрацоўным днём, каб даць магчымасць ушанаваць памяць нашых продкаў. У Вашым адказе Вы свядома ці несвядома праігнаравалі дату 2 лістапада. Прапанова гучала зрабіць непрацоўным днём ці першага, ці другога лістапада. Наконт першага лістапада Вы выказаліся, і мы Вас пачулі:

«Право на свободу вероисповедания, гарантированное Конституцией, не дает верующим никаких преимуществ перед гражданами, которые придерживаются атеистических убеждений. В ином случае это нарушит принцип равноправия граждан. С учетом вышеизложенного считаем, что в настоящее время дополнять религиозные праздники, которые отмечаются в Беларуси в качестве праздничных дней, еще одним и объявлять его нерабочим днем нецелесообразно».

Наконт 2 лістапада, які ў беларускай традыцыі, беларускім календары адзначаецца як Дзяды - у незалежнасці ад канфесійнай прыналежнасці, і традыцыя гэта захавалася ў Беларусі яшчэ з дахрысціянскіх часоў, Вы нічога не адказалі.

Таму, карыстаючыся сваім канстытуцыйным правам, а таксама законам «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў» патрабую ў вызначаны заканадаўствам тэрмін даць абгрунтаваны адказ на дадзенае пытанне: ці магчыма 2 лістапада, Дзяды, зрабіць непрацоўным днём, каб дасягнуць мэтаў, падрабязна прапісаных і растлумачаных грамадзянамі Беларусі ў петыцыі?

Калі Ваш адказ будзе адмоўным, патрабуем абгрунтаваць яго. Просім не выкарыстоўваць у адказе спасылкі на тое, што 2 лістапада з'яўляецца «каталіцкім святам», і яшчэ раз нагадваем: Дзяды - агульнабеларускі дзень, агульнабеларуская традыцыя. Асобна азначаем і падкрэсліваем, што абразіць прыборкай могілак нечыя атэістычныя пачуцці немагчыма, хоць Вы і спрабавалі гэта давесці ў сваім адказе.

Нагадваем, што згодна з існаваннем у матэрыяльным свеце, усіх без выключэння людзей чакае смерць як вынік жыцця, гэта тычыцца таксама і атэістаў, якія звычайна ў беларускай традыцыі знаходзяць апошні прытулак на могілках, у незалежнасці ад канфесійнай прыналежнасці. І даглядаць магілы продкаў - справа чалавечай, а не каталіцкай і не праваслаўнай годнасці.

Даведка. Беларускі народ заўсёды адрозніваўся сваёй павагай да продкаў, да сваіх каранёў. У календары беларусаў было больш пяці дзён на год, калі ўшаноўвалі памяць продкаў, і гэтыя дні па традыцыі называліся Дзяды. Восеньскія Дзяды лічыліся самымі галоўнымі. У сучаснай Беларусі гэты дзень зафіксаваны як 2 лістапада. Дзяды адзначаліся ў Польшчы, Украіне, Літве, але ў найболей архаічнай форме святкаванне Дзядоў захавалася толькі ў беларусаў. «Дзядоўская» абраднасць наогул мае старажытнае, язычніцкае паходжанне і сыходзіць каранямі да першабытнага культу продкаў.

Дарэчы, Дзяды, якія адзначаліся як Дзень памяці, былі рэгламентаваны указам прэзідэнта №157 ад 26 сакавіка 1998 году. Пра Дзяды як нацыянальны Дзень памяці продкаў узгадваецца ў турыстычных буклетах, памятках, на сайтах, прысвечаных турызму ў Беларусі, у даведачных матэрыялах пра культуры і традыцыі беларусаў, не кажучы ўжо пра мастацкую літаратуру, пра памяць сэрца і абавязак сумлення кожнага грамадзяніна краіны, у незалежнасці ад канфесійнай прыналежнасці. Ушанаванне памяці продкаў з'яўляецца неад'емнай часткай чалавецтва. Яно было арганічнай часткай вераванняў як першабытнага, так і сучаснага чалавека. Памятайце пра сваіх продкаў! Памятайце пра смерць - як непазбежны вынік кожнага чалавечага жыцця!

Просім даць абгрунтаваны адказ наконт 2 лістапада, традыцыйных беларускіх Дзядоў, наконт магчымасці зрабіць гэты дзень непрацоўным".

Last modified onНядзеля, 04 Люты 2018 19:15
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.